Наши мэтры

Аляксей Глебаў. Францішак Скарына

Савецкая Скарыніяна, у тым ліку і ў скульптуры, выявілася даволі рана. У 1920 годзе да вобразу беларускага асьветніка зьвярнуўся Абрам Бразэр. Ён стварыў дзіўнаваты паўгарэльф, паўмэдаль. Скарына атрымаўся расплюшчаны, нібы гумовы. За ім вобраз першадрукара быў увасоблены Заірам Азгурам. 3 таго часу нікому са скульптараў не прыходзіла ў галаву зьняць з галавы Скарыны барэт...

... Да 400-х угодкаў беларускага друку была створаная спэцыяльная камісія Інбелкульту, якая даручыла стварэньне помніка Скарыну, гэтак званага «скарынаўскага» шрыфту і мэдалёў Віцебскаму мастацкаму тэхнікуму. Гэты праект ачоліў Міхаіл Керзін, які прыехаў зь Вяліжу, а родам быў зь Пецярбургу. На жаль, праект помніка гэтак і застаўся нерэалізаваным...

... У савецкай графіцы адным зь першых Скарыну на матывы ягонага партрэту ў Бібліі увасобіў Ахола-Вала. Ягоны твор зьявіўся ў 1926 годзе на вокладцы часопіса «Маладняк». Дарэчы, ці ня з гэтае вокладкі пачалося бясконцае клішаваньне біблейскага Скарыны. Ахола-Вала, жывучы ў сваёй Фінляндыі, пра гэта мусіць і не здагадваўся...

... Менавіта пад час усебеларускае падрыхтоўкі да Скарынаўскага юбілею, у 1926 годзе, у Віцебск прыяжджае Аляксей Глебаў. Тут ён паступае ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Знаёмства з гісторыяй Беларусі адбылося ў яго адразу, на ўзорах плястычнага ўвасабленьня Беларушчыны настаўнікамі й студэнтамі...

... Гэтак склаўся лёс, што вучыцца Глебаву давялося ў Керзіна. Глебаў стаў неўзабаве любімым вучнем гэтага скульптара і выдатнага пэдагога. Рэалізм, часьцяком дробны й натуралістычны, прывезены зь Пецярбургу мінулага стагодзьдзя, быў прышчэплены будучаму скульптару намёртва...

... Керзін настолькі прывязаўся да вучня, што запрасіў яго да ўдзелу ў аздабленьні Дому ўраду ў Менску ў 1933 годзе. Тутака, працуючы разам з такімі мэтрамі, як Керзін і Манізер, Глебаў сфармуляваў свае творчыя і сьветапоглядный прынцыпы. Для Дому ўраду ён выканаў бюст Фрунзэ. А далей пайшло... Барэльефы для Дому Савецкай Арміі, для Палаца піянэраў і школьнікаў (першага ў СССР), скульптуры для Ўсезаюзнае сельскагаспадарчае выставы ў Маскве 1940 году. Зьвернем увагу, што Глебаў зьвяртаўся ў тыя гады найчасьцей да беларускіх фальклёрных матываў. Сюжэты ягоных працаў тых гадоў: «Крыжачок», «Лявоніха» і гэтак далей. Ён жа ў тыя перадваенныя гады выканаў першую ў гісторыі беларускага мастацтва шматфігурную конную кампазыцыю для помніка ў Барысаве. Гэты помнік быў прысьвечаны вайне Саветаў з Польшчаю ў 20-я гады і зваўся «Рэўваенсавет Першай коннай арміі». Пасьля вайны Глебаў працаваў над праектамі конных помнікаў беларускім князям, Васільку Менскаму і Ўладзімеру Полацкаму...

... На вайне як на вайне. Глебаў быў прызваны на фронт, дзе яго цяжка паранілі. Доўгі час ён быў прыкаваны да ложка. I яшчэ ў шпіталі пачынае ізноў працаваць...

... Першыя паваенныя творы Глебава: «Янка Купала», эскіз «Янка Купала і Максім Танк», «Янка Купала і Максім Горкі» і яшчэ пяць бюстаў Купалы... Чаму над вобразам Купалы ў тыя гады Глебаў працаваў асабліва напружана? Што вяртала яго да гэтага вобразу? Можа загадкавая сьмерць паэта, зь якім скульптар быў асабіста знаёмы? Ці імкнуўся Глебаў такім чынам абараніць асобу Купалы? Ці адчуваў ён нейкую нядобрую тайну? Невядома. Але ягоныя партрэты Купалы тае пары прасякнутыя неўласьцівым савецкаму й глебаўскаму мастацтву псыхалягізмам і трагізмам...

... I вось у 1954 годзе Глебаў стварае яшчэ аднаго Купалу ў вобразе... Скарыны.

Аляксей Глебаў. Францішак Скарына

Гэта вялікая, больш за два мэтры, скульптура вырабленая зь нязвыклага для Глебава матэрыялу. 3 дрэва. Пазьней ён зьвернецца да дрэва яшчэ толькі раз. У 1963 годзе. I толькі для таго, каб стварыць яшчэ адзін свой шэдэўр — «Юнацтва». Постаць аголенае дзяўчыны, блізкая пяшчотным манумэнталізмам да твораў Маёля, стала ў свой час гэткім жа сымбалем «адлігі» 60-х, як і аднайменны афорт літоўскага графіка Красаўскаса. Дрэва, мяккая залацістая ліпа, надала плястыцы Глебава цеплыню і інтымнасьць. На фактуры дрэва застаўся кожны сьлед разца, кожная выпадковая завусеніца... Тое, чаго не застаецца ў гіпсе ці бронзе. І сёньня, гледзячы на гэтую скульптуру, міжволі згадваецца традыцыйная беларуская драўляная плястыка 17-18 стагодзьдзяў. Выпадкова ці не, зварот да дрэва, без падробкі пад брутальную прыроднасьць альбо «народнасьць», злучыў гэты твор Глебава з вышэйшымі ўзорамі беларускае клясычнае спадчыны.

«Скарына» ў Глебава атрымаўся ўзьнятым да псыхалягічнага вобразу мысьляра-асьветніка. Да гэтага часу беларуская Скарыніяна ўжо была разнастайна распрацаваная. Аднак нават Драздовіч і Сергіевіч не ўзьняліся вышэй за лубочны вобраз сярэднявечнага вучонага ці работніка-друкара. Хутчэй за ўсё Глебаву тут дапамагла вялікая праца над партрэтамі Купалы. Вобраз асьветніка-сейбіта, які з трывогаю й болем узіраецца ў плён свайго пасеву, перакачаваў і ў скульптуру Скарыны. Ва ўяўленьні Глебава Купала і быў увасабленьнем лепшых рысаў беларускага інтэлігента. Нават зьнешне, антрапалягічна. Таму невыпадкова ён надаў Скарыну партрэтнае падабенства з Купалам. Вядома, падоўжыў валасы, вусы... Але твар застаецца блізкім і пазнавальным для беларусаў. Адначасова гэты скульптурны твар стаў і не абстрактным, і не стандартным, а моцна індывідуалізаваным, больш прыдатным для перадачы тых эмоцыяў і ў той стылістыцы, якія задумаў скульптар.

Постаць, складана разгорнутая у прасторы, прадстаўляе друкара ў момант драматычнага, цяжкога роздуму. Эмоцыі хутчэй уласьцівыя чалавеку 20 стагодзьдзя, чым рэнэсансавай асобе. Але тым глыбей апынуўся гэты твор, зьвернуты да беларускага гледача ў 1954 годзе. Можа, гэтага году і чакаў Глебаў, як і сотні іншых савецкіх інтэлігентаў. Паказальна, што выказацца скульптару захацелася ў полі Беларушчыны...

Зьнешне вобраз Скарыны атрымаў умоўна-гістарычную трактоўку. Сярод іншых дэталяў — кніга, цяжкі старасьвецкі манускрыпт, які добра прачытваецца гледачом на ўзроўні вачэй, беспамылкова паказвае на характар пэрсанажа: кніжнік, першадрукар, асьветнік. У маштабе станкавае плястыкі ясна чытаюцца дэталі адзежыны, сьціплых аксэсуараў, якія пазначаюць пэўную, ужо бясконца далёкую і цьмяна разуметую (ніколі не разуметую) у савецкай Беларусі эпоху...

На працягу 1967 і 1968 гадоў, апошніх гадоў свайго жыцьця, Аляксей Глебаў працаваў над мадэляй помніка Францішку Скарыну. Дзясятак мадэляў... Але з кожнай новай вобраз станавіўся ўсё больш ляпідарным. У пэўным сэнсе ў гэтым быў вінаваты іншы, небеларускі матэрыял — гіпс, бронза... Але і часы былі іншыя. Глебаў гэтак і не адышоў ад стэрэатыпу.

Ужо пасьля сьмерці Аляксея Глебава, у 1974 годзе, паводле ягонае мадэлі, у аснову якое быў пакладзены вобраз таго самага першапачатковага, дваццацігадовае даўніны, драўлянага Скарыны, у Полацаку паставілі помнік. Над ім працаваў ужо цэлы калектыў: скульптары Андрэй Засьпіцкі, Ігар Глебаў і архітэктар Валеры Марокін. Дэталь — ніводзін зь іх не нарадзіўся ў Беларусі. Для гэтага манумэнту былі выкарыстаныя дарагія матэрыялы: чырвоны граніт, ружовы пясчанік і, натуральна, бронза. Па стылабаце, даўжынёю ў 8 мэтраў, пусьцілі надпіс «Франциск Георгий Скорина»... Невераемна павялічаная скульптура (пяць з паловаю мэтраў), разам з пастамэнтам складае манумэнт вышынёю ў дванаццаць мэтраў! Пры такім маштабе той, першасны псыхалягізм вобразу Скарыны, прапаў зусім. Перад гледачом — ці то рабочы ў робе, ці то доктар у халане. А хутчэй за ўсё — задуменны сьлесар. Як пісалі ў савецкіх кнігах: «Ляканічныя дэталі (кніга і гранка ў руках) трактуюць вобраз Скарыны як друкара і асьветніка...» Нічога, вядома, гэтыя дэталі не «трактуюць». На вышыні ў дзесяць мэтраў можна толькі ўяўляць, якія там дэталі.

Імем Аляксея Глебава назвалі пасьля Менскую мастацкую вучэльню, хоць ён да яе ня меў непасрэднага дачыненьня. У адрозьненьне ад аднафамільца Ігара Глебава (родам зь Цьвершчыны), які выкладаў у гэтай вучэльні. Паводле гіроніі менавіта Ігар Глебаў атрымаў за помнік Скарыну ў Полацку Дзяржаўную прэмію БССР у 1978 годзе.

***

ГЛЕБАЎ  АЛЯКСЕЙ  (1908, в. Зьверавічы Смаленскае губэрні — 1968, Менск) скульптар, пэдагог. Вучыўся з 1926 да 1930 у Віцебскім мастацкім тэхнікуме. 3 1955 году — выкладчык Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту. У той жа год стаў Народным мастаком БССР.

Сяргей Харэўскі

“НАША  НІВА”  34 (95)  1 СЬНЕЖНЯ 1997
Мастацтва — Сто твораў мастацтва XX стагодзьдзя

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:30, 13:00-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск