Наши мэтры

Міхаілу Аркадзевічу КЕРЗІНУ — 90

... Дзверы мне адчыніў сам гаспадар:

— Так-так... Я ўсё ведаю, вы з Мінска, з газеты «Літаратура і мастадтва». Мы з вамі нейкім чынам калегі, я ў гэтай газеце таксама друкаваў свае артыкулы, так што трымайцеся, як дома, праходзьце, зараз будзем піць чай і вы мне пра ўсё раскажаце...

У яго голасе столькі зацікаўленасці, столькі сапраўднай, а не для ветлівасці гасціннасці, што на душы адразу робіцца лёгка і спакойна...

— Міхаіл Аркадзевіч, шчыра кажучы, я спадзяваўся, што расказваць будзеце вы.

Ён засмяяўся нягучным, дробным смехам:

— Згода. Будзем піць чай і расказваць па чарзе...

*

Міхаіл Аркадзевіч Керзін. Дэкан скульптурнага факультэта Ленінградскага інстытута жывапісу, ваяння і архітэктуры імя Рэпіна. Прафесар. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Учора яму споўнілася дзевяноста год.

Якое незвычайнае жыццё пражыў гэты чалавек. Колькі ўсяго выпала на яго лёс!..

Ён ведаў Рахманінава, Стасава, Кюі. Сябраваў з Собімавым. Працаваў побач з Урубелем, быў знаёмы з Рэпіным. Яшчэ да рэвалюцыі вядомы скульптар, ён стварыў Таварыства мастакоў Расіі, ганаровым старшынёй, якога быў Ілья Яфімавіч Рэпін і якое аб’ядноўвала найбольш дэмакратычныя мастакоўскія сілы. З першых дзён Савецкай улады — выконваў адказныя даручэнні Наркамасветы і асабіста Луначарскага па выяўленні і захаванні мастацкіх каштоўнасцей. У 1918 годзе стварыў мастацкую школу ў глухім Веліжы, у 1924 узначаліў Віцебскі мастацкі тэхнікум, з якога, уласна, пачалося беларўскае савецкае выяўленчае мастацтва. У яго майстэрні спасцігалі азы прафесійнай граматы такія вядомыя сёння мастакі, як Заір Азгур, Аляксандр Арлоў, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў. Ён ўзначальваў брыгаду скульптараў, якім было даручана ў 1933 годзе афармленне Дома ўрада ў Мінску.

Пасля вайны Міхаіл Аркадзевіч Керзін актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні беларускай сталіцы і, канечне, працягваў вучыць скульптараў...

— Вось што я вам скажу, — Міхаіл Аркадзевіч адклаў у бок ліст, які я прывёз яму з Мінска, — былі ў маім жыцці гады больш шчаслівыя, лёгкія, калі, здаецца, сама фартуна дапамагала падняцца ў паветра, але з найвялікшай душэўнай цеплынёй прыгадваюцца ўсё ж тыя пакутлівыя, цяжкія, бедныя, галодныя і непаўторныя гады, калі наладжвалася работа Віцебскага мастацкага тэхнікума... Мы былі такія маладыя...

Невысокі, хударлявы, з вострым, быццам сакаліная дзюба, носам, з нязменнай папяроскай у доўгіх, «музыканцкіх» пальцах, ён паважна хадзіў па класах Віцёбскага мастацкага тэхнікума. Класы былі пустыя. Не было ні сталоў, ні мальбертаў, ні крэслаў, ні станкоў для скульптуры. Не было нічога акрамя энтузіязму, прагі жыцця, веры ў свае сілы і маладосці...

— Існавяла ў той час у Віцебску такая ўстанова — «Вадасвет».

Чым яна займалася, ніхто не ведаў, але, як кожная «сапраўдная» ўстанова, «Вадасвет» лічыў неабходным мець шыкоўныя шыльды. Заказалі яны іх тэхнікуму. Мы прымалі такія заказы — стыпендый у той час не было, а студэнтам з нечага карміцца трэба, ды і выкладчыцкі заробак быў даволі бедным. Адным словам — узяліся.

Выпісалі нарад на матэрыялы, чакаем... Аднойчы пад’язджае да тэхнікума цэлы абоз. Прывезлі лес. Што за дзіва! Я быў упэўнены, што адбылася памылка, але ў паперах — чорным па белым: «Тэхнікуму ад «Вадасвета» матэрыял для шыльдаў».

Зрабілі мы з таго матэрыялу і сталы, і крэслы, і мальберты... Ну, і шыльды, канечне. І толькі потым, праз колькі часу даведаліся, што наш загадчык гаспадаркі, чалавек не вялікай адукацыі, складаючы нарад, памыліўся на адзін нуль!.. На адзін нуль, разумееце!..

Міхаіл Аркадзевіч смяецца. Смяюся і я. Смяюся і дўмаю, што не так усё было весела і лёгка. Не так проста. Савецкае мастацтва толькі шукала шляхі, па якіх яму ісці ў будучыню. Самыя неверагодныя групоўкі ўголас дэкларавалі свае правы, абвяшчалі сябе апосталамі «адзіна рэвалюцыйнага і народнага мастацтва». Многія намагаліся скінуць з «карабля сучаснасці» ўсё, што складала славу і гонар перадавога рускага мастацтва. У гэтай эстэтычнай завірусе нялёгка было вытрымаць сваю лінію ў мастацтве, нялёгка было заклікаць вучыцца ў «старых майстроў», у перасоўнікаў. Нялёгка было патрабаваць ад вучняў быць вернымі праўдзе і прыгажосці жыцця.

Патрэбны былі вялікія маральныя сілы, каб адстойваць сваё разуменне задач і метадаў мастацтва, каб весці бескампрамісную барацьбу за Лёшу Глебава, маленькага хлопчыка з дапытлівымі карычневымі вачамі, такога ціхага і такога д’ябальскі таленавітага. Два разы выключалі яго, як сына папа, з тэхнікума, і кожны раз Міхаіл Аркадзевіч прымаў бой, настойваў на тым, каб вярнуць яго ў калектыў. Ездзіў у Мінск, у Наркамат асветы, даказваў, пераконваў, лаяўся, браў на сябе адказнасць.

Нялёгка было перанесці звальненне з пасады дырэктара. Сабраўшы ў кулак усю сваю мужнасць, не пайсці з тэхнікума, а застацца выкладчыкам на малодшых курсах, каб працягваць вучыць Прыгажосці.

... Ля станка двое — настаўнік і вучань, невысокі, каржакаваты хлопец з буйнымі, чорнымі, як смала, валасамі і вялікімі, дзікаватымі вачыма.

— Не, — даводзіць настаўнік, — сама форма павінна быць такая, каб у ёй быў змест. Дапусцім, вы разглядаеце кісць рукі, ці плячо. Калі вы будзеце ўважлівым, дык убачыце, што гэта плячо чалавека, які знаходзіцца ў міноры, а гэта — кісць рукі чалавека, які цяпер у стане мажору.

Доўга глядзіць студэнт на сваю работу. Відаць ніколі не прыходзіла яму ў галаву думка, што нават асобная частка чалавечага цела можа несці свой эмацыянальны зарад і што мастак павінен, падпарадкоўваючы сабе тэхніку, дасягаць абсалютнага суладдзя задумы і формы.

Надоўга запамятаў цяперашні народны мастак Беларусі Заір Азгур той урок настаўніка...

У сваёй педагагічнай дзейнасці Міхаіл Аркадзевіч Керзін заўсёды намагаўся, акрамя чыста прафесійных ведаў, выхаваць у вучняў сапраўдную культуру, навучыць іх любіць і разбірацца ў літаратуры, гісторыі, музыцы, тэатральным мастацтве. У Віцебску частымі гасцямі ў яго майстэрні былі артысты і рэжысёры БДТ-2. Ён сябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі і музыкантамі.

Ён любіў спрачацца. Мог гадзінамі гаварыць, адстойваючы сваю думку. Прыводзіць напамяць цытаты з Арыстоцеля, Гегеля, чытаць Пушкіна, Блока... Да яго цягнуліся.

Ён казаў пра сябе:

— Я тэхнічна бяздарны чалавек. Я не магу аб’яднаць у адно ўсё тое, што бачу.

Тэхнічна бяздарны... Ён быў віртуозам формы. Ён, як, відаць, ніхто з беларускіх мастакоў, разумеў законы формы. Але яго неверагодная патрабавальнасць да сябе не дазваляла яму ніводную сваю работу лічыць завершанай.

*

У запасніках Беларускага дзяржаўнага мастацкага музея захоўваюцца тры работы Міхаіла Аркадзевіча Керзіна — партрэт народнага артыста БССР Г. Грыгоніса, медаль «Урадлівасць», праект помніка воінам, якія загінулі ў баях Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтых работ, мне пашчасціла бачыць партрэты Собінава, Рымскага-Корсакава, Кюі, якія былі створаны Міхаілам Аркадзевічам яшчэ да рэвалюцыі. У гэтых работах уражвае гранічная падпарадкаванасць формы той думцы, таму пачуццю, якое хацеў перадаць мастак.

У напоўненасці, матэрыяльнасці аб’ёмаў, у дакладнасці прапорцый, вытанчанасці мадэліроўкі, з якімі выкананы партрэт Г. Грыгоніса, адчуваецца, што мастак глыбока пранікнуў ва ўнутраны свет мадэлі, што ён шмат думаў пра лёс свайго героя, што ён ведае пра яго «ўсё».

Ледзь прытоеная ў кутках вуснаў усмешка, скіраваны некуды ўбок задуменны позірк, зухавата павязаны бант-гальштук, — якія скупыя сродкі ў партрэтыста, але як многа здолеў ён нам сказаць.

Мы разумеем іранічнасць вядомага артыста, разумеем яго задуменнасць. У партрэце адлюстравана душа мастака, неўтаймаваная, парывістая...

«Урадлівасць» — твор зусім іншага плана. У гэтай рабоце перад мастаком стаяла задача стварыць вобраз чалавечай еднасці з прыродай, вобраз мацярынскага пачатку, які жыве і ў чалавеку, і ў танюткім дрэўцы. Акрамя таго, барэльеф мае свае, толькі яму ўласцівыя законы, пры якіх амаль плоскае адлюстраванне павінна выглядаць «круглым», аб'ёмным...

*

М. А. Керзін у майстэрні
  М. А. Керзін у майстэрні

Магутныя каштаны заглядаюць у вокны майстэрні прафесара Керзіна.

Ціха шапаціць лістота. Семдзесят год назад, студэнтам, ён зайшоў упершыню ў гэтую майстэрню. Зараз тут яго чакаюць тыя, для каго шлях ў мастацтва толькі пачынаецца.

I вось ён заходзіць. У сінім, зусім не прафесарскім халаце, з адпаліраванай далонямі самшытавай стэкай у руках, з кавалачкам гліны, які размінае па шматгадовай звычцы.

Абходзіць работы. Пільна ўглядаецца ў мадэль, правярае прапорцыі, нешта хмыкае сам сабе, ідзе далей.

Спыніўся. Спахмурнеў. Нечым незадаволены.

— Паглядзіце, якое прыгожае ў мадэлі вока, які плаўны, пругкі абрыс брыва. А ў вас?..

— Я сам адчуваю гэта, але як толькі пачынаю набіраць аб’ём вока, развальваецца ўся пабудова твару.

— Яна і будзе развальвацца, бо нельга механічна павялічваць адно, каб гэта не паўплывала на іншае, на ўвесь лад партрэта. Трэба правяраць, шукаць, спрабаваць. Дабівацца той прыгажосці, якая існуе ў жыцці. Вось паглядзіце...

Міхаіл Аркадзевіч надоўга затрымаўся каля гэтай работы. Ён будзе пераконваць, паказваць, потым сам возьмецца за гліну...

Зараз ён займаецца тым, чым займаўся ўсё жыццё, — пераадольвае непадатлівы матэрыял. Толькі сёння гэта не гліна, камень або дрэва, а душа мастака, якога ён павінен навучыць бачыць прыгожае ў прыгожым, бачыць і шчыра ім захапляцца.

Алег БЕЛАВУСАЎ

Літаратура i мастацтва — Выяўленчае мастацтва, архітэктура — Міхаілу Аркадзевічу КЕРЗІНУ — 90 — 30.03.1973 г.

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:30, 13:00-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск