Наши мэтры

Якасны ўзровень Памяці

У дзень Радаўніцы, неўзабаве пасля светлага Хрыстовага Уваскрасення, мы згадваем тых, каго з намі ўжо няма, хто застаўся для нас па-ранейшаму жывым — нягпедзячы на сваю фізічную смерць. Сярод іх могуць быць не толькі нашы сваякі альбо сябры, але таксама і асобы, чый даробак меў агульнаграмадскую значнасцць, чый жыцёвы шлях працягваецца ў лёсах многіх вучняў і паслядоўнікаў.

Таму напярэдадні дня ўспаміну памерлых варта задацца пытаннем: ці робяць нашы сучаснікі ўсё належнае дзеля захавання памяці тых, каму айчынная культура ў пэўнай меры абавязаная сваім сённяшнім абліччам?

Пачуццё выкананага доўгу іншых творчых прафесій, скульптарам-манументалістам у пэўнай меры пашчасціла: па сабе яны пакідаюць помнікі менавіта рукачынныя, і таму даўгавечныя, народны шлях да якіх зазвычай не зарастае. Але ж часам здараецца, што асоба аўтара застаецца нібы ў цені яго твораў. Асабліва пасля адыходу ў вечнасць.

Сваёй скрухай з прычыны такой “няўдзячнасці” падзяліўся ў сценах рэдакцыі “К” скульптар Аляксандр Каструкоў. Ды, як выявілася падчас размовы са скульптарам, ён не толькі канстатуе сумную тэндэнцыю забываць, але і робіць пасільныя высілкі, каб яе пераадолець.

Дзеля таго, каб стогадовы юбілей аднаго з “кутніх камянёў” беларускай скульптуры — народнага мастака БССР Аляксея Глебава, — які прыпадае на наступны год, прайшоў як мага больш прыкметна, Аляксандр Каструкоў задумаў ажно тры ініцыятывы — стварэнне мемарыяльнай дошкі для вучылішча імя майстра, памятнага медаля і відэафільма. Ажыццяўленне гэтых ініцыятыў — прынамсі, на пачатковай стадыі, — адбываецца выключна рукамі самога скульптара, звыклымі не толькі да разца, але і да відэакамеры.

— Проста, я адчуў унутраны абавязак гэта зрабіць, — тлумачыць А. Каструкоў матывацыю сваёй задумы. — Работы Глебава памятаю яшчэ з дзяцінства, і, вядома, яны аказалі на мяне значны ўплыў, — як, мусіць, і на кожнага беларускага скульптара. Потым была вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя яго. Таму невыпадкова, што абіраючы тэму для свайго дыпломнага праекта, я вырашыў спыніцца на мемарыяльнай дошцы Аляксею Канстанцінавічу Глебаву. Каб выказаць тым самым удзячнасць і да вялікага скульптара, і да сваёй alma-mater.

На жаль, той даўні праект не захаваўся, і ў бронзе яму ўжо ніколі не будзе наканавана ўвасобіцца. Але праз доўгія гады А. Каструкоў вярнуўся да сваёй ідэі: да 95-годдзя Глебава было прымеркавана ўсталяванне бюста Аляксея Канстанцінавіча работы Андрэя Заспіцкага, які сёння займае пачэснае месца ў інтэр’еры вучылішча. А цяпер скульптар плануе наноў зрабіць і дошку.

— Давялося сутыкнуцца з адной прыкрай акалічнасцю, — кажа Аляксандр Міхайлавіч. — Не кожны з сённяшніх навучэнцаў вучылішча можа ўцямна распавесці пра асобу, у гонар якой гэтая ўстанова названа.

Сапраўды, памяць пра славутых творцаў мае і яшчэ адзін надзвычай важны аспект — не толькі даніна пашаны, але і ўмацаванне пераемнасці традыцый. Творчы шлях маладых аўтараў будзе куды больш плённы, калі кожны з іх дэталёва ўсвядоміць: паперадзе яго — цэлая школа нацыянальнага мастацтва, ігнараваць якую і неразумна, і несумленна.

Старшыня Рэспубліканскага савета па манументальным мастацтве пры Міністэрстве культуры РБ Іван Міско ўхваліў ініцыятывы свайго калегі і прапанаваў далучыць да іх яшчэ і правядзенне пленэру, прысвечанага А. Глебаву. Увогуле, задумаў шмат. Па словах А. Каструкова, добрым спосабам матэрыяльнага захавання памяці пра слынных скульптараў магла б стаць серыя каталогаў іх работ. Ну і, вядома, рэтраспектыўныя выстаўкі...

Няўжо юбілей не павінен стаць нагодай для правядзення ўрачыстага вечара ў памяць аб знакамітай асобе? Цяпер, калі такія мерапрыемствы і здараюцца, яны маюць лакальны, ці нават напаўпрыватны, характар. Але няўжо такія постаці, як, напрыклад, Андрэй Бембель — скульптар, што спрычыніўся да з’яўлення такіх сімвалаў Беларусі, як Помнік Перамогі ў Мінску, Курган Славы, мемарыял “Брэсцкая крэпасць-герой”, — не вартыя прэстыжных пляцовак? Пляцовак, якія маглі б змясціць не толькі калегаў юбіляра, але і прадстаўнікоў творчай эліты самых розных прафесій, тым самым сцвярджаючы, што памяць у нас агульная, і ўздымаючы яе праявы на якасна новы, папраўдзе агульнаграмадскі ўзровень.

Аднак колькі б мы не праглядалі афішныя тумбы, інфармацыю пра вялікі вечар у гонар пазалеташняга стогадовага юбілею Андрэя Бембеля ўбачыць там не давялося.

Аляксандр Каструкоў цвяроза ўсведамляе, што змяніць “статус кво” абыякавасці адно сваімі сіламі яму не ўдасца. I таму спадзяецца на падтрымку Беларускага саюза мастакоў. Бо каму як не гэтай арганізацыі належыць дбаць пра тое, каб грамадства не забывалася пра знакамітых творцаў!

Увасабленне мемарыяльнай дошкі ў бронзе каштуе для асобнага энтузіяста замнога. Але пасільную яму частку працы А. Каструкоў гатовы выканаць бескарысліва: “Адзіная падзяка, якую я хачу атрымаць за ажыццяўленне сваіх планаў, — пачуццё выкананага доўгу”, — кажа ён.

... 11 ліпеня споўніцца 75 гадоў з дня нараджэння яшчэ адной знакавай для беларускай скульптуры постаці — народнага мастака БССР Анатоля Анікейчыка. I прыкра, папраўдзе прыкра будзе, калі гэтая дата не стане нагодай належна аддзячыць творцу за яго яскравы след у нашым мастацтве — за мемарыял “Прарыў”, за помнікі Янку Купалу на Беларусі і ў Нью-Йорку, за іншыя яркія манументальныя і станковыя творы, за многіх вучняў, якім гэты мэтр даў пуцёўку ў прафесійны шлях.

Помнік у гуках

У адрозненне ад скульптурных работ, што на многія гады “перажываюць” сваіх аўтараў, музыка “памірае” адразу, як толькі заканчваецца яе гучанне. I пасля смерці кампазітараў часта ўзнікае сітуацыя, супрацьлеглая апісанай вышэй.

Імя кампазітара ўсім добра вядома, яно нададзена музычным установам — найперш, дзіцячым музычным школам, — памяць пра творцу ўвекавечана ў мемарыяльных дошках — на доме, дзе ён жыў, ля ўвахода ў аўдыторыю Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе ён выкладаў. А вось музыка амаль не гучыць. Нават падчас юбілейных дат.

Не, яна працягвае гучаць у класах — як рэпертуар навучэнцаў і студэнтаў, але амаль не гучыць з “высокіх трыбун” — у прэстыжных залах, у выкананні лепшых сімфанічных калектываў. Са здзейсненага можна ўзгадаць хіба пазалеташні вечар памяці Юрыя Семянякі, зладжаны ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У астатнім — вечары памяці праходзяць звычайна ў маленечкай зале Беларускага саюза кампазітараў сіламі блізкіх і сяброў нябожчыка, выключна на грамадскіх пачатках.

Бадай, адзіным, хто сістэматычна ўсталёўвае кампазітарам гэткія “музычныя помнікі” ў выглядзе буйных вечароў памяці (праўда, складзеных не з арыгінальных партытур, а з пералажэнняў рознажанравых твораў), застаецца Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста рэспублікі, прафесара Міхаіла Фінберга “Помнікі” тыя ставяцца пакуль амаль выключна ў малых гарадах Беларусі, падчас зладжаных маэстра фестываляў камернай музыкі. Выключэннем стаўся паўтор праграмы з твораў Напалеона Орды пасля Заслаўя ў Мінску — у Малой зале філармоніі, па запрашальніках, раздадзеных удзельнікам Міжнароднай навуковай канферэнцыі, што была прысвечана 250-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака, кампазітара і музыканта. Раней падобныя праграмы станавіліся падставай для тэлецыкла, які вяла нязменны навуковы каментатар такіх канцэртаў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава.

У апошнія гады страчана і традыцыя выпускаць пра кампазітара ці музыканта “кніжку-малышку”, дзе была б “увекавечана” біяграфія майстра. Апошнім такім выданнем (дарэчы, сапраўды грунтоўным) стаўся аповед пра легенду Нацыянальнай оперы Ларысу Александроўскую, падрыхтаваны яе пляменніцай, доктарам філасофскіх навук А. Ладыгінай (пры частковым укладанні ўласных грошай аўтара). На шчасце, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” пачалі выходзіць такія цудоўныя серыі, як “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Беларусь мастацкая”. Значыць, павінна з’явіцца і “Беларусь музычная”. Было б добра, каб такая серыя ўключала не толькі аповед, але і ўласна музычныя аўдыёзапісы — у выглядзе “дадатку” з кампакт-дыскаў.

Падрыхтавалі Ілля СВІРЫН і Надзея БУНЦЭВІЧ

Газета «Культура» № 15 — Думкі пра вечнае — Якасны ўзровень Памяці — 14-20 красавіка 2007 г.

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:30, 13:00-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск