Пресса о колледже

А пачыналася гэта так…

Газета «Культура»

На пачатку жніўня 1947 года з’явілася паведамленне, што ў Мінску адкрываецца мастацкае вучылішча і ў сувязі з гэтым вядзецца набор навучэнцаў, жадаючыя могуць падаваць заявы.

А адбылося вось што. 1 жніўня выйшаў загад № 371 Камітэта па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР, у якім гаварылася:

“У адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў СССР ад 25 ліпеня 1947 года № 9888-р аб адкрыцці ў г. Мінску з 1 верасня 1947 года Мінскага мастацкага вучылішча з аддзяленнямі: мастацка-педагагічным, скульптурным, прыкладнога мастацтва і дэкаратыўна-афармляльніцкім, загадваю:

1) Начальніку Упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў Беларускай ССР тав. Лютаровіч П. В.:

а) падрыхтаваць да пачатку 1947/48 навучальнага года вучэбныя памяшканні і інтэрнаты для навучэнцаў Мінскага мастацкага вучылішча;

б) прадставіць да 15 жніўня 1947 г. у Камітэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР кандыдатуру на пасаду дырэктара Мінскага мастацкага вучылішча; укамплектаваць склад навучэнцаў;

в) прадставіць у Камітэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР да 15 жніўня 1947 г. наменклатуру спецыяльнасцей аддзялення прыкладнога мастацтва Мінскага мастацкага вучылішча;

г) на працягу жніўня 1947 г. правесці прыём навучэнцаў на першы курс Мінскага мастацкага вучылішча ў колькасці 60 чалавек і 1 верасня 1947 г. пачаць заняткі ва ўчылішчы.

2) В. а. начальніка Галоўнага упраўлення вучэбных устаноў Камітэта па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР тав. Лісенку М. П. забяспечыць да 15 жніўня 1947 г. Мінскае мастацкае вучылішча неабходнымі вучэбнымі планамі і праграмамі.

Нам. Старшыні Камітэта па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР А. Рататаеў”.

Мінскае мастацкае вучылішча. Архіўнае фота

У прынцыпе, загад № 371 быў рэалізаваны, акрамя асобных пунктаў. У прыватнасці, не былі падрыхтаваны інтэрнаты; вучэбныя памяшканні і майстэрні не мелі адзінага канцэнтраванага месца і цягам шэрагу гадоў на правах арэнды знаходзіліся ў “плаваючым” стане; заняткі ў вучылішчы пачаліся не 1 верасня, а 25 лістапада; замест 60 чалавек да 15 лістапада было прынята 80!

Але ўсё гэта падавалася дробяззю для тых, каму пашчасціла стаць навучэнцамі першага набору адзінай на той час у Беларусі мастацкай установы, бо Віцебскае мастацкае вучылішча (да пачатку 1930-х гадоў — Віцебскі мастацкі тэхнікум) спыніла сваё існаванне яшчэ напачатку вайны.

Склад навучэнцаў ММВ, асабліва ў першыя гады яго дзейнасці, быў вельмі неаднародны — і па жыццёвым досведзе, і па ўзросце, і па ступені адукацыі, і па сацыяльнай прыналежнасці, і, канешне, па прыроднай адоранасці. Тут сабраліся маладыя людзі, якія паспелі да паступлення ў вучылішча скончыць дзесяцігодку, як Міхаіл Савіцкі, і займацца ім было лягчэй, асабліва па агульнаадукацыйных прадметах. Хтосьці меў ужо пэўны мастацкі досвед, атрыманы напрыканцы 1930-х і нават у час вайны. Напрыклад, Віктар Грамыка працаваў мастаком-рысавальшчыкам ў газеце “Зорка” і часопісе “Вожык”. Канстанцін Пятроў перад паступленнем у ММВ скончыў два курсы Саратаўскага мастацкага вучылішча. Віктар Вярсоцкі да 1941 года займаўся ў гомельскай студыі у вядомага пейзажыста Б. Звінагродскага. Ізраіль Басаў паспеў папрацаваць да вайны рэтушорам фатаграфіі, у перыяд эвакуацыі — тэатральным сцэнографам ва Узбекістане, а пасля Перамогі — мастаком-афарміцелем у родным Мсціславе і Мінску. Юзэф Пучынскі тры перадваенныя гады вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы.

Мінскае мастацкае вучылішча. Архіўнае фота

Але былі і такія, хто не меў ні сур’ёзнага мастацкага досведу, ні атэстату сталасці. Сярод іх — Леанід Шчамялёў з даваеннай сямікласнай адукацыяй, які да канца вучобы ў ММВ павінен быў прайсці курс 8-10 класаў і поруч з дыпломам аб сканчэнні вучылішча атрымаць атэстат сталасці ў аб’ёме сярэдняй школы.

Абітурыенты з 10-класнай адукацыяй пасля паспяховай здачы спецыяльных дысцыплін залічаліся адразу на 2-і курс вучылішча і навучаліся 4 гады замест пяці. Па сутнасці, ядро першых навучэнцаў ММВ — “вялікаўзроставае” пакаленне 1922-1925 гадоў нараджэння — адразу ж пасля вайны змушана было жыць як бы ўрыўкамі, увесь час давучвацца, даганяць ды навёрстваць, запаўняючы ў марах і справах гэты, нібы ампутаваны суровым часам, кавалак біяграфіі. А ён быў неабходны для душы, асабліва тых, хто са зброяй у руках прайшоў вайну і выйшаў пераможцам: Л. Шчамялёў, В. Грамыка, М. Савіцкі, І. Стасевіч, В. Вярсоцкі, У. Мінейка, М. Назарчук, В. Пратасеня, М. Чэпік, Б. Няпомнячы, Ф. Бараноўскі, А. Агафоненка, М. Куйчык…

Памяць пра баявое юнацтва ратавала ўсіх іх ад заўчаснай чэрствасці, давала ім пэўную раўнавагу і меру. На долю гэтага пакалення, што нагадвала пасечаны асколкамі лес, выпалі рэдкія па сваёй драматургіі выпрабаванні. І, мне падаецца, што менавіта гэты маральны падмурак даў ім магчымасць максімальна рэалізаваць свой творчы патэнцыял у наступныя гады. І побач з імі больш маладыя аднакурснікі, якія па ўзросце не паспелі паваяваць (М. Данцыг, Ю. Тышкевіч, Г. Паплаўскі, Г. Мурамцаў, К. Пятроў, Л. Баразна, І. Немагай, Л. Асецкі, Б. Ус), але заўжды адчувалі сябе камфортна побач з учарашнімі франтавікамі.

Мінскае мастацкае вучылішча. Архіўнае фота

І гэта, сапраўды, так. Тым больш, што і педагогі былі ў вышэйшай ступені аўтарытэтныя: Л. Лейтман, А. Мазалёў, В. Цвірка, Я. Красоўскі, А. Шаўчэнка, І. Ахрэмчык, Х. Ліўшыц, А. Бембель, У. Сухаверхаў, Н. Воранаў, Н. Галоўчанка, П. Раманоўскі, М. Беляніцкі, К. Касмачоў, Ф. Лейтман… Сёння любая мастацкая ўстанова магла б пазайздросціць такому выкладчыцкаму складу.

Кожны з педагогаў, апрача ўсяго іншага, як мастак уклаў свой каштоўны камень у магутны падмурак савецкага беларускага выяўленчага мастацтва 1940-1960 гг.

Лёс першых выпускнікоў ММВ 1951-1952 гг. склаўся па-рознаму. Большасць з іх прадоўжылі вучобу на мастацкім факультэце, які ў 1953 годзе адкрыўся на базе Беларускага тэатральнага інстытута; хтосьці падаўся ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. Сурыкава; хтосьці з’ехаў у Ленінград; камусьці адукацыя вучылішча аказалася дастатковай, каб у будучым стаць сапраўдным мастаком-прафесіяналам.

Але як бы там ні было, Мінскае мастацкае вучылішча з’явілася для большасці яго выхаванцаў той першай “залатой” лесвіцай, якая прывяла іх на Алімп Яго Вялікасці Мастацтва.

Сёння імёны выхаванцаў ММВ Героя Беларусі, народнага мастака СССР і Беларусі М. Савіцкага, народных мастакоў краіны Л. Шчамялёва, В. Грамыкі, Г. Паплаўскага, Л. Гумілеўскага, А. Кашкурэвіча, В. Шаранговіча, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі М. Селешчука, заслужаных дзеячаў мастацтваў Л. Асецкага, М. Казакевіча, І. Міско, Д. Алейніка, Б. Аракчэева, Л. Дударэнкі, У. Кожуха, З. Літвінавай, В. Сумарава, У. Уродніча, М. Апіёка, Н. Шчаснай і многіх іншых вядомы не толькі ў нашай краіне. І ў нараджэнні гэтага цудоўнага сузор’я — высокая заслуга і alma mater — Мінскага мастацкага вучылішча!

Барыс КРЭПАК

Здымкі розных гадоў з архіва МДМВ імя А. К. Глебава.

Газета «Культура» – № 50 (816) 15.12.2007 – 21.12.2007 г. – А пачыналася гэта так…

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:45, 13:15-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск