Пресса о колледже

«Свае ўспаміны напішу Вам у лісце…» Акім Міхайлавіч Шаўчэнка

Газета «Культура»

Вялікі рукапіс мастака, які так поўна друкуецца ўпершыню

Акім Міхайлавіч Шаўчэнка (1902-1980 гг.)… Таленавіты беларускі жывапісец (не блытаць з яго педагогам, рускім мастаком Аляксандрам Шаўчэнкам). Выхаванец ВХУТЕМАСа і Ленінградскага інстытута пралетарскага мастацтва, вучань С. Герасімава, А. Дрэвіна і Д. Штэрэнберга. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносец. Пасля адкрыцця Мінскага мастацкага вучылішча ў 1947-м цягам дванаццаці гадоў выкладаў у ім. Сярод яго вучняў — М. Савіцкі, М. Чэпік, В. Грамыка, М. Данцыг, В. Шаранговіч, Г. Паплаўскі, Л. Дударэнка, І. Стасевіч, У. Уродніч, М. Казакевіч...

Акім Міхайлавіч Шаўчэнка
Акім Міхайлавіч Шаўчэнка

У свой час Шаўчэнка як жывапісец быў “на слыху” мастацкай грамадскасці і карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод студэнцтва. А яго карціна “Плытагоны” (1932 г.) на Першай Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве ў 1940-м была прызнана адной з лепшых сярод іншых палотнаў савецкіх мастакоў і па праве ўвайшла ў “залаты фонд” беларускай выяўленчай культуры.

За паўстагоддзя творчага жыцця Акім Міхайлавіч пакінуў пасля сябе не толькі дзясяткі вучняў, але і значную мастацкую спадчыну. Ягоныя карціны “Вяжуць снапы”, “Тынкоўшчыцы”, “На торфараспрацоўках”, “Лес — будоўлям”, “Горад абнаўляецца”, “У саўгасе “Брылёва”, “У Дзень Перамогі”, “Вячэрні Мінск”, “Аб гераічным мінулым”, цыкл фігуратыўных палотнаў пра Янку Купалу і Якуба Коласа, вострапсіхалагічныя партрэты, маляўнічыя нацюрморты і светлыя лірычныя пейзажы калісьці з поспехам экспанаваліся на розных рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках.

З дня смерці Акіма Шаўчэнкі прайшло не так шмат: трохі больш за трыццаць гадоў. Але, на жаль, ягонае імя сёння ўжо мала хто ведае. Нават студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, не кажучы пра шараговага гледача, яно мала што кажа. Ну, хтосьці з больш-менш пісьменных і дапытлівых можа ўспомніць толькі тых самых “Плытагонаў”, якія ўпрыгожваюць пастаянную экспазіцыю нашага Нацыянальнага мастацкага музея. Часам добрым словам у кулуарах узгадваюць пра Акіма Міхайлавіча і яго малодшыя сучаснікі, што яго ведалі, і вучні, якіх, праўда, становіцца ўсё менш і менш: час не спыніць, смерць — таксама…

Мне пашанцавала: я вельмі добра ведаў гэтага цудоўнага жывапісца-каларыста, які, мне здаецца, з-за сваёй унікальнай сціпласці не атрымаў ніякага ганаровага звання. Я ж ведаў, як іншым разам такія званні тады, у 1960 — 70-я, здабываліся. Для гэтага трэба было мець не толькі хоць крыху таленту, але і моцныя сувязі, і ўменне грудзьмі пракласці сабе дарогу ў калідоры Саўміна і ЦК КПБ… Добры, чалавечны, сардэчны, мяккі па натуры Шаўчэнка меў талент ад Бога, але ўсё астатняе ў сэнсе “прабівальнасці” ў яго адсутнічала… Вось у 2002-м споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння (а ў мінулым — 110), але хто, акрамя гамяльчан, успомніў пра гэта? Можна ж было арганізаваць яго персанальную выстаўку, каб не толькі паказваць дзве-тры работы жывапісца ў кантэксце вялікіх калектыўных экспазіцый. Можа, прыйшоў час яшчэ раз успомніць імя А. М. Шаўчэнкі, вярнуць яго, шчырага чалавека і дзіўнага каларыста, на тое месца, якое ён па праве заслужыў сваёй біяграфіяй ды творчасцю?..

Акім Міхайлавіч Шаўчэнка. Жывапіс

І вось аднойчы, за дзевяць гадоў да яго смерці, у 1971-м, я звярнуўся да Акіма Міхайлавіча з просьбай распавесці ці напісаць “пра час і пра сябе”, у прыватнасці — пра гомельскі і маскоўскі перыяды яго паслярэвалюцыйнага мастацкага жыцця, якія тады былі “белай плямай” у нашым мастацтвазнаўстве. Як вядома, першае дзесяцігоддзе пасля Кастрычніка — гэта час суіснавання, сутыкнення і барацьбы розных кірункаў у мастацтве: ад радыкальнага авангарда да рэалізму ў духу перадзвіжнікаў. Да гэтых гадоў адносіцца і ажыўленне мастацкага жыцця ў Гомелі, звязанае перш за ўсё з такімі імёнамі, як Георгій Ніскі, Сяргей Каўроўскі, Аляксандр Быхоўскі, Алена Машкоўцава (Самойленка), Леў Смехаў, Афанасій Сазонаў, Канстанцін Малец і, канешне ж, Акім Шаўчэнка. Гэта значыць, перыяд — тады амаль невядомы для даследчыкаў.

На маю прапанову Акім Міхайлавіч, падумаўшы, сказаў, што лепш у спакойнай хатняй абстаноўцы напіша мне пра ўсё гэта. І, сапраўды, праз нейкі час ён запрасіў мяне ў сваю майстэрню па вуліцы Чычэрына і падарыў вялікі рукапіс, напісаны чорнай тушшу, які пачынаўся так: “Паважаны Барыс Аляксеевіч! Вашу просьбу напісаць пра тое, што памятаю пра мастацкае жыццё на Гомельшчыне ў 20-я гады, я вырашыў у форме ліста да Вас, і Вы па сваім меркаванні зможаце скарыстацца тым матэрыялам, які пакажацца найбольш заслугоўваючым увагі…”

Акім Міхайлавіч Шаўчэнка. Рукапіс

У сваім хатнім архіве я беражліва захоўваю гэты рукатворны дакумент. Праўда, аднойчы, у 1990-я гады, фрагмент яго я апублікаваў у газеце “Культура”, але матэрыял прайшоў неяк не заўважаным: тады культуролагаў і грамадства хвалявалі зусім іншыя праблемы ў беларускім выяўленчым мастацтве.

Спадзяюся, што зараз час іншы, і гэтыя ўспаміны з цікавасцю прачытаюць не толькі сучасныя мастацтвазнаўцы, гісторыкі мастацтва і мастакі, але і ўсе, хто цікавіцца праблемамі нацыянальнай культуры 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Такіх людзей, на шчасце, сёння ўжо шмат. Падкрэслю, што Акім Шаўчэнка, карэнны беларус, нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрушскага павета Гомельскай губерні. І ўсё жыццё ён лічыў сябе беларусам не толькі па крыві, але і па духоўным складзе. І калі ў яго неаднойчы з’яўлялася магчымасць назаўсёды застацца ў Маскве ці ў Ленінградзе, як гэта, напрыклад, зрабілі яго землякі з Гомельшчыны — Георгій Ніскі і Яўсей Маісеенка, ён не скарыстаўся такой магчымасцю і, у адрозненне ад сваіх знакамітых калег-беларусаў, на пачатку 30-х гадоў вярнуўся на радзіму, дзе да вайны кіраваў мастацкай студыяй пры Гомельскім абласным доме народнай творчасці, а пасля Перамогі ўчарашні франтавік Шаўчэнка звязаў сваё жыццё ўжо з Мінскам…

Такім чынам, слова — Акіму Міхайлавічу.

“…Ні ў якой ступені не прэтэндуючы на абавязковасць маіх тых або іншых ацэнак, мае ўспаміны, хутчэй, з’яўляюцца вольным аповедам пра ўражанні тых далёкіх гадоў майго вучнёўства. А пачалося ўсё тады, калі я, 15-гадовы хлопчык, скончыў вясковую школу ў вёсцы Карма Добрушскага павета. Паехаў у Гомель, паступіў у настаўніцкую семінарыю. Там я і захапіўся маляваннем. Свае першыя поспехі ў гэтай справе я замацаваў на педагагічных курсах у цудоўнага мастака-акварэліста і рысавальшчыка — Сяргея Іванавіча Грамыкі, выхаванца Кіеўскага мастацкага вучылішча, вучня выдатнага ўкраінскага педагога Фёдара Крычэўскага.

Там жа, у Гомелі, у 1921 годзе, я паступіў у мясцовае педагагічнае вучылішча і з гэтага часу зразумеў, што маё сапраўднае прызванне — мастацкае рамяство. Натуральна, я цікавіўся ўсім, што адбывалася тады ў культурным жыцці горада і, асабліва, у выяўленчым мастацтве. Часта хадзіў па вуліцах, разглядваў старажытныя помнікі, назіраў, як будаваліся новыя, іншым разам зазіраў у цэрквы, любаваўся невытлумачальнай прыгажосцю і мудрасцю абразоў, хаця на гэты час барацьба з “опіумам для народа” набірала ўсё большую моц.

Першае, што мяне гранічна зацікавіла ў новым мастацтве, — гэта роспіс у агітпункце чыгуначнага вакзала. Велізарная зала, вялікія вокны з прыгожымі прасценкамі. І на сценах — некалькі кампазіцый, выкананых клеявымі фарбамі. Асабліва цікавай падалася мне адна, шматфігурная, кампазіцыя: людзі — у поўны рост, у разнастайных нацыянальных строях; у цэнтры — жаночая постаць Свабоды, у царскім вянцы і багатай вопратцы. Праз усю кампазіцыю адмыслова вілася ружовая стужка з масіўным надпісам “Інтэрнацыянал”. Гэтая постаць чымсьці нагадвала казачную царэўну, што нібыта сышла з папулярных тады шкатулак. На міжваконнях былі адлюстраваны сюжэты меншага памеру, прысвечаныя чырвонаармейцам, якія ідуць у атаку, рабочым з чырвонымі сцягамі і сейбітам.

Акрамя гэтага, былі раскіданы стракатыя дэкаратыўныя эмблемы і пячаткі. Як я даведаўся ад Грамыкі, аўтарам гэтых роспісаў быў мастак Афанасій Сцяпанавіч Сазонаў, з якім я пазней пазнаёміўся пад час маіх заняткаў у студыі імя Урубеля. У гэтую студыю, што размяшчалася ў Клубе чыгуначнікаў, я ўпершыню трапіў восенню 1920-га, калі тут экспанавалася выстаўка твораў студэнтаў і мастакоў-педагогаў С. Каўроўскага, К. Мальца, А. Быхоўскага ды іншых. Тут жа месцілася і пастаянная экспазіцыя, складзеная з эцюдаў натуршчыкаў, малюнкаў з гіпсавых масак і постацей — гэта значыць, твораў навучальнага, “класнага” характару. Аднак студэнты ў сваіх творчых спробах часта капіравалі гэтыя ўзоры.

Добра памятаю эцюды маладога таленавітага Жоры Ніскага, што адлюстроўвалі нейкія надзвычай фантастычныя каляровыя матывы з дзіўнымі крыналінавымі фігурамі — вельмі арыгінальна і зусім нязвыкла для погляду. Яны былі выкананы асобнымі каляровымі палоскамі, квадрацікамі, ромбікамі, што аддалена нагадвалі сілуэты гарадскіх будынкаў, дрэў, аблокаў.

Потым я блізка пасябраваў з Ніскім. Трошкі пазней мы разам рысавалі гіпсавую мадэль “Помніка Працы”. У той час у Гомелі часова знаходзіўся і аўтар гэтага манумента — нейкі спадар па прозвішчы Дэ Валера, іспанец ці француз па паходжанні. Гэты помнік пазней быў устаноўлены на плошчы Працы: гіпсавая трохметровая напаўаголеная фігура ў моцным руху, размаляваная алейнымі фарбамі. Праўда, неўзабаве манумент кудысьці знік, хаця яго вобразатвор доўга заставаўся на вокладках школьных сшыткаў фабрыкі “Палесдрук”. Дык вось, з Жорам Ніскім мы хадзілі на Працоўную вуліцу, дзе знаходзілася майстэрня гэтага скульптара. Спачатку — употай: зазіралі ў вялікія вокны майстэрні, глядзелі, як там гэты Дэ Валера з вучнямі ляпіў бюсты Маркса, Троцкага, Свярдлова, Энгельса. Потым, сціпла так, стукалі ў дзверы і ўваходзілі ў майстэрню, каб на свае вочы пабачыць, як працуюць будучыя “геніі розуму”…"

(Працяг будзе.)

Барыс КРЭПАК

Газета «Культура» – № 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г. – «Свае ўспаміны напішу Вам у лісце…»

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:30, 13:00-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск