Пресса о колледже

Эскіз на будучыню

Газета «Культура»

Маладыя мастакі, учарашнія студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, нядаўнія навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, а таксама Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, прадставілі на Рэспубліканскую выстаўку лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі нейкі зрэз цяперашняй сваёй творчасці, нейкую “аб’ектыўку”.

Г. Конанава Сакавік
Г. Конанава «Сакавік»

І неадкладна, як толькі сутыкаешся з экспазіцыяй, узнікае пытанне: а што адбудзецца заўтра з мастацтвам гэтых адораных хлопцаў і дзяўчат? Тым больш, што большасць удзельнікаў выстаўкі менавіта дзяўчыны, якім апрыёры цяжэй, як лічыцца, будзе знайсці сябе ў мастацтве. У гэтым выпадку скажу так: я веру ў талент і творчы патэнцыял большасці аўтараў, прадстаўленых у экспазіцыі твораў, а вось упэўненасці ў іх шчаслівую мастакоўскую будучыню ў мяне куды менш. Калі памылюся — буду рады… Ды ўсё ж выстаўка, як ні круці, — гэта эскіз будучыні нашага выяўленчага мастацтва. І ўсё будзе залежаць не толькі ад таленту і інтэлекту маладых творцаў, але і ад таго, як будзе ім дапамагаць дзяржава...

Трэба ведаць, што творца не прафесія, не званне. Толькі права. Права на стварэнне свету, як раней ніхто яго не бачыў і не адлюстроўваў. А гэта ой якая цяжкая справа: знайсці свой свет. Толькі адзінкі могуць знайсці менавіта сваю, не падобную ні на каго, нішу ў мастацтве, сваю Інтанацыю. Інтанацыя ў творчасці рэч неабходная. Яна можа змяняцца ад твора да твора, але заставацца сваёй. Як тэмбр голасу. Як паходка. Гэтае адзінства тэмбру моладзь яшчэ заваёўвае, у некаторых работах яно ўжо гучыць (А. Мядзведзеў, А. Нічыпарук, Г. Конанава, А. Скарабагатая, Б. Лапіцкі, В. Вырабава, Г. Дубнік, С. Ярашэвіч, В. Няборская, С. Жарнасек, Г. Бордзы). У іншых — гэты тэмбр яшчэ ў стадыі нараджэння. А канчатковы вынік будзе цалкам залежаць ад сілы характараў аўтараў: ці здолеюць пераадолець усе складаныя парогі і бар’еры, якія абавязкова сустрэнуцца на доўгім шляху да Алімпа? Ці не ўвязнуць яны ў шматлікіх сучасных “ізмах”, дзе бадай страчана душа чалавеч(н)ая? Ці не пойдуць на павадку багатых офісных і “дачных” заказчыкаў і аматараў-калекцыянераў? Я, напрыклад, бачыў на выстаўцы аднаго такога аматара, які выбіраў для сваёй спальні “карцінку” з абавязковым адлюстраваннем “голай жанчыны на фоне пальм”. Здаецца, не знайшоў. А мог бы заказаць…

А. Мядзведзеў Святло месяца
А. Мядзведзеў «Святло месяца»

Аднак не заахвочвае выстаўка да пераліку імёнаў. Не ў тым справа, што тут няма ўдач, твораў — яны ёсць, і нямала. Але, напэўна, варта адступіць ад звычкі, што ўкаранілася: весці размову толькі пра асобныя недахопы і персаніфікаваныя якасці. Адно скажу адразу: у цэлым, экспазіцыя мне спадабалася сваёй свежасцю і імкненнем знайсці штосьці новае, сваё ў адносінах да рэчаіснасці, якая трапляе ў поле зроку аўтараў, незалежна ад таго, ствараюць яны жывапісную кампазіцыю ці алегарычную скульптуру, дызайн-праект ці акварэльны пейзаж, роспіс па тканіне ці плакат, вышыўку, касцюм ці камп’ютарную або алоўкавую графіку. Так: усе гэтыя віды і практычна ўсе жанры мастацтва ёсць у экспазіцыі, і за гэта трэба падзякаваць арганізатарам ды педагогам, пад чыімі крыламі былі выгадаваны творцы.

В. Няборская Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў
В. Няборская «Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў»

Калі паглядзець на апошнія дваццаць гадоў, то можна канстатаваць, што, на жаль, у цэлым наша прафесійнае майстэрства падае. Гэты аспект мяне даўно хвалюе, хаця разумею, што працэс адукацыі і фарміравання мастакоў праходзіць ад школы — і нават ад дзіцячага садка — і да заканчэння мастацкай установы. І на кожным этапе закладваецца той фундамент, які і дае потым магчымасць рэалізацыі творчых ідэй. Тут многае залежыць і ад педагогаў, і ад выхавання, і ад прыроды, і, што не менш важна, — ад адносін аўтара да часу, у якім ён жыве, да зямлі, якая яго нарадзіла, да традыцый, без чаго, што б там ні казалі, новае мастацтва наогул не існуе. Хацелася б, каб маладыя людзі, якія ўваходзяць у Вялікае Мастацтва, якраз сталі “піянерамі” тых найноўшых духоўных і прафесійных пошукаў у выяўленчай культуры XXI стагоддзя.

Дык вось, яшчэ раз паўтару, што выстаўка ў галерэі “Універсітэт культуры” дае мне надзею, што, нягледзячы ні на што, усё будзе добра ў нашым мастацкім асяродку.

На ілюстрацыях: работы Г. Конанавай «Сакавік» і А. Мядзведзева «Святло месяца. Алегорыя прасторы і часу», а таксама калекцыя В. Няборскай «Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў».

Барыс КРЭПАК

Газета «Культура» – № 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г. – Эскіз на будучыню

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:30, 13:00-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск