Пресса о колледже

Графічныя далягляды

Газета «Літаратура і мастацтва»

У беларускім мастацтве графікі жанр пейзажу, ці краявіду, заўсёды займаў значнае месца. Асабліва гісторыка-рамантычны, звязаны з адлюстраваннем помнікаў даўніны на ўлонні прыроды, панарамамі гарадоў ці зацішных завулкаў, з вясковымі вуліцамі ці местачковымі крамамі і г.д. Вельмі часта графічныя адбіткі назаўжды захоўваюць выгляд тых помнікаў ці мясцін, якія змяняюцца да непазнавальнасці пад уздзеяннем розных неспрыяльных абставін. Таму вельмі важна, каб такая актуальная графічная традыцыя не перапынялася і ў новым стагоддзі, калі навокал — небывалыя архітэктурныя перабудовы ды перапланіроўкі.

Марыя Дарожка. Графічныя далягляды
  Марыя Дарожка

Бадай што самым дынамічным прыкладам гарадской урбанізацыі стаў сучасны Мінск, многія цэнтральныя раёны, прадмесці і прыгарады якога перажываюць непараўнальную будаўнічую актыўнасць. Менавіта ў гэтым эпіцэнтры архітэктурных змяненняў, на беразе Свіслачы, у раёне былой Старажоўкі, нарадзілася напрыканцы мінулага стагоддзя Марыя Дарожка, якая з дзяцінства не стамлялася маляваць мінскія пейзажныя матывы.

Расла мастачка, будаваўся і родны горад, усё вышэй уздымаліся яго шматпавярховыя гмахі, якія, здаецца, ужо засланілі сваімі мажнымі бетоннымі блокамі ўсе раней добра бачныя лясныя далягляды. Але яна не пераставала захапляцца Верхнім горадам і набярэжнай Свіслачы, што побач з ім. Гэтыя матывы для яе заставаліся самымі ўзнёслымі і вобразнымі, калі яна вучылася ў 2004 — 2008 гг. у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава, а затым паспяхова паступіла на кафедру станковай графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Яе дыпломная серыя лінарытаў 2014 г. «Гарадскія краявіды» атрымала найвышэйшую адзнаку і самыя перспектыўныя творчыя рэкамендацыі. Пачыналася яна з твора «Мінск. Верхні горад» (70,5 x 90 см). І ўражвала не толькі буйнымі памерамі, але і жывой экспрэсіўнай характарыстыкай панарамы старажытнага горада з культавымі архітэктурнымі дамінантамі і адноўленым будынкам Мінскай ратушы. Іх вежы, здаецца, працінаюць цемру нябесных хмараў і даюць святлу новага часу праліцца на гарадскія вуліцы і плошчы, дзе на кожным кроку перакрыжоўваецца гісторыя і сучаснасць.

Звычайным вокам, магчыма, гэта не ўдаецца заўважыць, але вострая графічная лінія Марыі Дарожка, як росчырк маланкі, перадае жывыя абрысы архітэктурных форм, абвастрае іх вобразны характар і стылістычныя адметнасці. Адбітак драматычнага мінулага ахінае іх густым гістарычным покрывам, а светлыя контуры выяўляюць у іх непаўторным выглядзе самае галоўнае і запамінальнае. Так і павінны выглядаць маўклівыя мураваныя сведкі гісторыі з вельмі шматзначнай графічнай характарыстыкай.

Поруч з Мінскам у першай графічнай серыі мастачкі, над якой яна працуе і пасля абароны дыплама, ствараюцца лінарыты, прысвечаныя Кіеву, Вільні, Львову, Гродна, Віцебску і іншым гарадам, велічны архітэктурны стыль якіх з выразнымі рэгіянальнымі адметнасцямі склаўся ў эпоху Барока. Таму ў аўтара была магчымасць перадаць неўтаймаваную дынаміку сваіх уражанняў ад гэтых багатых на архітэктурную спадчыну культурных цэнтраў, якія і сёння не губляюць прыцягальнасці для мастака, здольнага прачытаць творчыя пасланні з мінулага ў сучаснасць, замацаваныя стагоддзямі ў старых мурах, калонах, аркадах, вежах…

Марыя Дарожка цяпер не толькі стварае новыя лінарыты, але і вывучае як аспірантка БДАМ гісторыю развіцця беларускага графічнага мастацтва ХХ — пачатку XXI стагоддзяў. Гэты вялікі творчы досвед таксама патрабуе асэнсавання, вандровак па розных гарадах, працы ў архівах і музейных фондах. Паралельна яна збірае шматлікія дакументальныя сведчанні архітэктурнага аблічча беларускіх гарадоў, пачынаючы ад першых іх картаграфічна-мастацкіх адлюстраванняў XVI стагоддзя да архіўных фотаздымкаў, графічных накідаў і замалёвак ХІХ — ХХ стагоддзяў, якія ёй удаецца адшукаць і размеркаваць па тэмах, звязаных з аднаўленнем і рэканструкцыяй старадаўніх гарадскіх цэнтраў. У краінах свету, што ўсведамляюць вартасць свайго гістарычнага шляху, такая практыка аднаўлення ўжо не рэдкасць. Не абмінае яна, хоць і спакваля, і нашу Радзіму. Але найперш, нават надоўга апярэджваючы час, вока мастака-наватара і яго вострая графічная канцэпцыя будучыні павінна знаходзіць увасабленне ў лінарытах, архітэктурных футуралагічных кампазіцыях, дзе прыадчыняюцца новыя далягляды, дзе колішняе, часта зраўнянае з зямлёю і «назаўжды забытае», ізноў велічна ўздымаецца на фоне разнастайнай архітэктуры беларускіх гарадоў ХХІ стагоддзя, прыведзенай да гарманічнага суладдзя з ментальнымі адметнасцямі нашага грамадства, якія заключаюцца, найперш, у жаданні мірнага, мэтазгоднага, добраўпарадкаванага жыцця з самымі шырокімі міжнароднымі зносінамі і ў шчыльным кантакце з чыстай і захаванай прыродай.

У хуткасных акварэльных эцюдах мастачкі, якія яна стварае ў Мінску і іншых гарадах, гэта актуальная ідэя знаходзіць свае вельмі трапяткія і паветраныя ўвасабленні. Архітэктура, падобна, зліваецца з празрыстым небам і канцэнтруе энергію святла, сонечных праменняў і нават асаблівую чысціню нібы пасля веснавых дажджоў. Магчыма, у недалёкай будучыні такія эстэтычныя якасці будуць больш характэрныя для гарадскога асяроддзя, чым аднастайная бетонная шэрасць у сукупнасці з халодным металам і шклом.

Мастацкія здольнасці, памножаныя на шматлікія гады прафесійнай вучобы, прыносяць вялікі плён. Марыя Дарожка вельмі ўдзячная сваім вучылішчным і акадэмічным настаўнікам: Л. В. Раманоўскаму, О. П. Раманоўскай, Г. Л. Раманоўскай, Ю. І. Хілько, П. Ю. Татарнікаву, У. М. Вішнеўскаму, У. П. Савічу, В. П. Славуку, якія дапамаглі ёй у творчым самавызначэнні і развіцці, падтрымалі першыя творчыя крокі. Цяпер яна актыўна ўключылася ў мастацкі працэс, штогод бярэ ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках.

Вельмі важным дасягнегннем можна лічыць экспанаванне яе твораў з архітэктурнай гісторыка-футуралагічнай сімволікай на маладзёжных «Восеньскіх салонах» 2015 і 2016 года ў Мінску, дзе яшчэ толькі пачынае фарміравацца шырокая праграма творчых пошукаў новага пакалення, якое павінна ставіць перад сабой наватарскія мэты для ўдасканалення гэтага свету.

Яўген ШУНЕЙКА

Газета «Літаратура і мастацтва» – № 1 (4904) 6 января 2016 г. – Графічныя далягляды

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:30, 13:00-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск