Пресса о колледже

Тэндэнцыя: пасля каледжа — працаваць

Газета «Культура»

Вярнуць сітуацыю на шэсць-сем гадоў назад…

26 красавіка ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя Аляксея Глебава адбыўся Дзень адкрытых дзвярэй. У навучальных установах такія мерапрыемствы звычайна ладзяцца напярэдадні ўступных іспытаў з мэтай інфармавання абітурыентаў. Так было і гэтым разам. На ўсіх паверхах будынка каледжа разгарнулі экспазіцыі, якія адлюстроўваюць шлях, што наканавана прайсці таму, каму пашчасціць стаць навучэнцам “Глебаўкі”.

Тут былі ўзоры работ абітурыентаў. Гэта свайго кшталту планка якасці, на якую мусіш арыентавацца, калі хочаш паспяхова здаць іспыты. На метадычнай выставе была прадстаўлена ўся навучальная праграма па спецыяльных дысцыплінах ад першага да апошняга семестра. Далей — курсавыя работы і экспазіцыі па спецыяльнасцях “Жывапіс”, “Дызайн”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. І нарэшце — выстава пленэрных работ, а пленэры, на якія трапляюць навучэнцы “Глебаўкі”, ладзяцца не толькі ў Беларусі.

Для ахвотных правялі майстар-класы і кансультацыі па спецыяльнасцях. Як высветлілася (а больш дакладна, пацвердзілася), найбольшую папулярнасць сярод магчымых абітурыентаў мае дызайн. Прайшоў і “бацькоўскі сход” па пытаннях паступлення ў каледж. Не абмінулі ў час яго і тэму працаўладкавання пасля атрымання дыплома. Прыём на бюджэтную і платную форму навучання прыблізна аднолькавы — адпаведна, бацькам, што будуць плаціць за навуку сваіх дзяцей, хацелася ведаць, наколькі эфектыўнымі ў сэнсе жыццёвай перспектывы могуць быць такія ўкладанні грошай.

Урэшце, семінар “Пабудова эфектыўнай сістэмы ўзаемадзеяння суб’ектаў адукацыйнага працэсу як фактар павышэння якасці мастацкай адукацыі”, які адбыўся ў “Глебаўцы” ў панядзелак, стаў фактычна працягам Дня адкрытых дзвярэй. У ім бралі ўдзел супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, спецыялісты ўсіх ступеняў мастацкай адукацыі. Для іх ладзілі такую ж экскурсію па каледжы, што і двума днямі раней для людзей паспалітых. Ды і пытанні на семінары абмяркоўваліся тыя, што выкладчыкі каледжа ўжо чулі ад патэнцыйных абітурыентаў і іх бацькоў. І галоўнае з іх — наколькі запатрабаваны сёння спецыялісты сферы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама дызайну. Свае меркаванні адносна культурнай сітуацыі ў краіне выказалі прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (інакш кажучы, дзіцячых школ мастацтваў), устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і вышэйшай школы. Гаворка ішла пра кадравае забеспячэнне мастацкай адукацыі, інтэграцыю адукацыйнай прасторы, каб ўсе тры згаданыя вышэй чыннікі працавалі паводле ўзгодненай праграмы, маючы на мэце не толькі забеспячэнне краіны дыпламаванымі спецыялістамі, але і пашырэнне ўплыву культуры на ўсю сацыяльную сферу. Зрэшты, чалавек, які спрычыніўся да мастацтва, хоць і не стаў мастаком, будзе творча ставіцца да любой працы. А з гэтага грамадзе — немалая карысць.

Аляксандр Шантаровіч, дырэктар
  Аляксандр Шантаровіч, дырэктар

Тымі днямі наш карэспандэнт меў магчымасць пагутарыць пра надзённыя праблемы мастацкай адукацыі з дырэктарам сталічнага каледжа Аляксандрам ШАНТАРОВІЧАМ. І першым пытаннем было, ці варта мінскаму каледжу выцягваць таленавітую моладзь з рэгіёнаў, ведаючы, што мала хто з іх потым вернецца на малую радзіму?

— Сёння ў краіне пятнаццаць сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзе рыхтуюць спецыялістаў сферы выяўленчага мастацтва. На жаль, са спецыяльнасцю “жывапіс” іх засталося тры — дзве ў Мінску і адна ў Гомелі, са спецыяльнасцю “скульптура” — дзве: гэта наш каледж і каледж імя Івана Ахрэмчыка. Усе астатнія рыхтуюць дызайнераў (прынамсі, дэкларуюць гэта) і спецыялістаў розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Што да адцягвання талентаў з рэгіёнаў… Адцягваем, але няшмат. Усё ж такі пераважная колькасць нашых абітурыентаў і навучэнцаў — мінчане альбо жыхары прысталічча. Хаця мне падаецца, што практыка савецкага часу, калі вядомая тады школа Ахрэмчыка збірала ў інтэрнат дзяцей з ўсёй Беларусі, з вёсак, з мястэчак, была вельмі добрай. Хтосьці застаўся ў Мінску, хтосьці — не, а значыць, павёз сталічную школу ў рэгіёны.

Мы сёння супрацоўнічаем ці не з усімі мастацкімі школамі краіны ў рамках конкурса, які мы ладзім штогод. Я маю на ўвазе школы мастацтваў, студыі, цэнтры дадатковай адукацыі. Ведаем выкладчыкаў, якія там працуюць. Сярод іх вялікая колькасць тых, хто ў свой час заканчваў наша вучылішча. І мы ведаем, куды пойдуць нашы дзеці. Безумоўна, агульная тэндэнцыя — застацца ў сталіцы. Гэта тычыцца, урэшце, усіх сфер. Ды і зразумела: магчымасці падрыхтаваць творчую асобу ў сталіцы і у рэгіёне розныя. Так што да нас едуць і будуць ехаць. Але, зноў нагадаю, такіх навучэнцаў не так ужо і шмат. І адна з прычын — тое, што мы сёння, на жаль, не можам прапанаваць ім інтэрнат. Каб яго мелі, плынь ахвотных вучыцца ў нас была б іншай. Нават прытым што пра школы, якія знаходзяцца ў рэгіёнах, можна сказаць шмат добрага, мы аб’ектыўна маем пазіцыі, блізкія да лідарства. Прынамсі, спрабуем іх утрымліваць.

— Ці шмат вашых выпускнікоў працягвае вучобу ў вышэйшых навучальных установах?

— Шэсць — семь гадоў таму, калі я пачынаў тут працаваць, практычна ў ста працэнтаў нашых навучэнцаў мелася скіраванасць на паступленне ў Акадэмію мастацтваў. Сёння іншая сітуацыя. Гэта звязана, хутчэй за ўсё, са змяненнем сацыяльна-эканамічных умоў, але зараз пераважае тэндэнцыя пайсці працаваць, зрабіць перапынак у адукацыйным працэсе і за яго час вызначыцца, куды рухацца далей. Нас за гэта нават крытыкуюць і на ўзроўні акадэміі, і на ўзроўні Міністэрства культуры. Бо ВНУ зацікаўлена, каб абітурыенты былі падрыхтаваныя і каб было з каго выбіраць. Аднак і сярод абітурыентаў акадэміі нашых выхаванцаў хапае.

— Ёсць думка, што надышоў час перагледзець праграму навучання мастакоў з пазіцый эстэтыкі, адпаведных сённяшнім сацыяльна-культурным рэаліям…

— Мы па-ранейшаму прытрымліваемся класічнага падыходу ў адукацыі. На маю думку, на сёння гэта наш моцны бок, праз гэта маем перавагу над падобнымі навучальнымі ўстановамі замежжа. Паездзіўшы за мяжу з нашымі навучэнцамі, я многае бачыў на свае вочы і магу параўноўваць. Мінулай восенню мелі магчымасць наведаць Берлінскую акадэмію. Дык наша моладзь, хоць яна прадстаўляе сярэднюю навучальную ўстанову, у чымсьці студэнтам згаданай ВНУ магла і фору даць. Там пануе разняволенасць, студэнты засяроджаны не на засваенні ведаў, а на самавыяўленні, і ў гэтай справе ім ніхто не ставіць межы. Маўляў, ідзі куды хочаш. Пытаемся ў іх: а з натурай працуеце? Адказваюць, не. Асновы малюнка вывучаеце? Не. Як па мне, мастацкая адукацыя ўсё ж такі павінна абапірацца на традыцыю, на класіку.

Разам з тым навучальны працэс мусіць быць наладжаны такім чынам, каб сутыкненне з рэальным жыццём не было для нашых выхаванцаў стрэсам. Каб яны адпавядалі культурным рэаліям, аказаліся запатрабаванымі. А значыць, нешта ў навучальных праграмах трэба карэктаваць. У прыватнасці, наш дызайнер мусіць разумець механізмы маркетынгу. Не ведаю, як на ўзроўні акадэміі, але на нашым узроўні мы ім такіх ведаў, на жаль, не даем. Можна зрабіць прыгожую карцінку, але паколькі зыходна не было вызначана, для каго і навошта яна робіцца, на яе не знойдзецца спажыўца.

— Дызайн сярод абітурыентаў сёння больш папулярны, чым традыцыйнае выяўленчае мастацтва. Гэта акалічнасць неяк адбіваецца на навучальных праграмах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі?

— Стан мастацкай адукацыі выклікае заклапочанасць. Трэба ўсведамляць адказнасць кожнай са ступеняў за тое, каб сітуацыю, што склалася, утрымаць, а лепш вярнуць на пазіцыі шасці-сямігадовай даўніны. З аб’ектыўных прычын колькасць дзяцей, якія захапляюцца нейкімі відамі выяўленчага мастацтва, памяншаецца. Якасць іх падрыхтоўкі пагаршаецца. Потым яны прыходзяць да нас у якасці абітурыентаў. Услед за намі праблемы мае акадэмія і іншыя ВНУ. І вось гэты камяк, што разрастаецца, можа прывесці да таго, што ўзровень якасці адукацыі ў сферы выяўленчага мастацтва будзе зніжацца. Пры гэтым я ўпэўнены, што заўжды будуць дзеці, якія могуць рэалізаваць сябе толькі ў нашай сферы. Заўжды, у якой заўгодна сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Адносна той катэгорыі дзяцей, 14 — 15 гадоў, што прыходзіць да нас, вядома, што іх перспектыву вызначаюць бацькі. А яны, безумоўна, бяруць да ўвагі эканамічна-меркантыльны чыннік будучай прафесіі сваіх дзяцей. Калі дзіця яшчэ не разумее, што ў перспектыве будзе трэба ўтрымліваць сябе і сваю сям’ю, дык бацькі тое прагназуюць.

Вось я і думаю, як бы нам у гэтай сітуацыі не згубіць тое, што было назапашана. У нашай сферы нельга падыходзіць да падрыхтоўкі кадраў так, як для вытворчасці. Нельга сёння сказаць, колькі заўтра спатрэбіцца краіне мастакоў ці дызайнераў. Можна пралічыць колькасць медработнікаў, інжынераў, а мастакоў — не. Магчыма, іх усяго тры чалавекі патрэбна. Але, каб ў выніку было тры, спачатку трэба рыхтаваць трыста. Маючы досвед працы ў розных сферах, я магу сказаць, што больш складанай сферы, чым мастацтва, у сэнсе самарэалізацыі прафесіянала няма. І я гэта шчыра кажу і нашым абітурыентам, і іх бацькам.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Газета «Культура» – № 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г. – Тэндэнцыя: пасля каледжа — працаваць

тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:30, 13:00-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск