Структура майстэрства

Прэс-рэліз урачыстага адкрыцця выстаўкі “Структура майстэрства”

5 кастрычніка а 17 гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі работ педагогаў і выпускнікоў каледжа “Структура майстэрства”, прысвечанай 70-годдзю ўстановы.

А. С. Макаранка сцвярджаў, што вучні даруюць сваім настаўнікам і строгасць, і сухасць, і нават прыдзірлівасць, але не даруюць дрэннага ведання справы. Вышэй за ўсё яны цэняць у педагогах упэўненае і дакладнае веданне, уменне, мастацтва, залатыя рукі, нешматслоўнасць, пастаянную гатоўнасць да працы.

Каледжу пашанцавала – на працягу 70 гадоў тут выкладалі і выкладаюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія па-сапраўднаму любяць сваю прафесію, якія вылучаюцца педагагічным майстэрствам і талентам мастака, майстры сваёй справы.

Майстэрства гэтых людзей складаецца з каштоўных крупінак дзесяцігоддзямі назапашаных ведаў, уменняў і навыкаў, што перадаюцца ад педагога да навучэнца, ад навучэнца, які стаў майстрам сваёй справы, наступнаму пакаленню.

Канцэптуальная аснова гэтай па-свойму адметнай выстаўкі – шматжанравасць, разнастайнасць ідэй і форм увасаблення мастакоў: выкладчыкаў і выпускнікоў розных гадоў, чые працы, пры ўсёй іх разнастайнасці, сукранаюцца з «глебаўскім» вектарам. Аўтары работ жывуць і працуюць у розных кутках нашай краіны і за яе межамі, але знаходзяцца ва ўнікальных творчых узаемаадносінах, аснова якіх – «Глебаўка». Творчасць кожнага з удзельніка выстаўкі адрозніваецца ярка выяўленай індывідуальнасцю, пачынаючы ад выбару віду мастацтва і заканчваючы асабістым бачаннем свету. Аднак аб’ядноўвае іх, бясспрэчна, адно – ім у свой час пашчасціла вучыцца ў майстра, які заклаў у кожнага зерне творчасці.

Работы, прадстаўленыя на выстаўцы, адлюстроўваюць сувязь часоў, пераемнасць традыцый і ўзнікненне інавацый у выяўленчым мастацтве.

Афіша выстаўкі “Структура майстэрства”

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15


тел./факс +375 17 290-09-21
ПН-ПТ  8:45-12:45, 13:15-17:15
ул. Петруся Бровки, 22
Минск