Неабсяжныя гарызонты творчасці

Каб паступіць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Глебава, дзе конкурс складае каля 20 чалавек на месца, не дастаткова шанцавання. Маладым людзям, якія прыходзяць сюды пасля 9 класаў, трэба прайсці праз нялёгкі творчы ўнутраны іспыт, а значыць, ужо мець за плячамі адмысловае майстэрства. Затое тыя, хто пройдзе адбор, будуць вучыцца ў найлепшых выкладчыкаў, якія сумяшчаюць навацыі з традыцыямі беларускай школы мастацтваў. А ганарыцца Глебаўцы ёсць чым. Сёлета каледж адзначыць 75-гадовы юбілей.

Дырэктар каледжа Аляксандр Шантаровіч гатовы падзяліцца тым, як тут рыхтуюцца сустрэць юбілей. У найбліжэйшы час пройдзе канферэнцыя з удзелам дэлегацыі Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў імя Рэпіна. Плануецца запрасіць на дыялогавую пляцоўку і прадстаўнікоў мастацкіх школ краіны, усіх профільных каледжаў і ВНУ, Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі навук, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. Будуць абмяркоўвацца праблемныя тэмы і перспектывы супрацоўніцтва, праводзіцца майстар-класы. Акадэмія імя Рэпіна, дарэчы, сёлета таксама юбіляр, адзначае 260 гадоў з дня заснавання.

“У канцы красавіка ў нас пачнуцца перасоўныя выставы, — расказвае Аляксандр Валер’евіч. — Да восені з лепшымі дыпломнымі працамі нашых выпускнікоў за апошнія 30 гадоў мы праедзем па ўсіх абласных гарадах. У чэрвені рыхтуецца рэтраспектыўная выстава выпускнікоў каледжа ў Нацыянальным мастацкім музеі. Таксама хутка стартуе міжнародны мастацкі конкурс “Красавік”, на які любы ахвочы можа даслаць сваю працу. Ацэньваць і выбіраць найлепшыя з іх сёлета будзе прафесійнае журы пад кіраўніцтвам асабіста старшыні Саюза мастакоў Глеба Отчыка. Да сярэдзіны лета пройдуць пленэры навучэнцаў у гістарычна знакавых мясцінах краіны, пасля якіх іх работы будуць выстаўляцца на мясцовых пляцоўках.

Увосень чакаецца перформанс “Глеба” ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, а таксама выстава графікі і плаката ў галерэі “Універсітэт культуры”. Завершыцца святкаванне юбілею вялікім святочным канцэртам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

На жаль, не скончаны работы па будаўніцтве нашага корпуса на Багдана Хмяльніцкага, 5, таму пакуль мы арандуем будынак на Петруся Броўкі, 22. Плошчаў сёння ледзь хапае, бо ўсіх вучняў трэба забяспечыць майстэрнямі. З інтэрнатам таксама праблема, дамаўляемся, каб іншагародніх студэнтаў прымалі да сябе Акадэмія мастацтваў ды Універсітэт культуры.

Тым не менш, упэўнены, творчыя дысцыпліны, якія ў нас выкладаюцца, — дызайн, жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, — адны з лепшых ў краіне. Выпускнікі нашага каледжа — плеяда народных мастакоў, што задалі планку, якую мы не маем права апускаць.

Сёння ў нас навучаецца 216 чалавек. У мінулым годзе мы выпусцілі траіх стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: Галіну Пракапенка, Ілью Мурашку і Маргарыту Жукаву.

Тэндэнцыя апошніх 10 гадоў: вучыцца ў каледж прыходзяць збольшага дзяўчаты. Хоць у 50-70-я гады мінулага стагоддзя тут займаліся пераважна хлопцы, ды і практычна ўсе нашы мэтры — мужчыны. Тым не менш многія з дзяўчат праяўляюць сябе таксама вельмі здольнымі. Той моладзі, якая хоча вучыцца ў нашых сценах, я б параіў звярнуць увагу на нашыя падрыхтоўчыя курсы. Яны дапамогуць лепш зразумець сябе як асобу і сябе ў мастацтве. Але і тут трэба прайсці конкурсны адбор. Да прыкладу, на летнія курсы да нас запісалася больш за 400 чалавек, а ўзяць мы можам 50-60”.

У каледжы, па словах Аляксандра Шантаровiча, вялікую ўвагу надаюць падбору педагогаў, якім трэба будзе прадаўжаць слаўныя традыцыі. Удалося пазнаёміцца з маладым спецыялістам Анастасіяй Дзятлавай. Цяпер мастацтвазнаўца заканчвае аспірантуру ў БДУКМ і рыхтуецца абараніць кандыдацкую дысертацыю пад кіраўніцтвам загадчыцы кафедры гісторыі мастацтваў універсітэта Алены Шаройкі. Анастасіі сапраўды падабаецца перадаваць веды вучням. Усім, хто хоча глыбей вывучыць хвалюючыя іх тэмы ў мастацтве, яна раіць звярнуцца да рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама часцей бываць у Нацыянальным мастацкім музеі.

А вось мастак і выкладчык жывапісу, малюнка і кампазіцыі Глебаўкі Андрэй Карпянкоў працуе тут ужо 12 гадоў. Сваю задачу ён бачыць у тым, каб дапамагчы кожнаму студэнту стаць тым, кім ён марыць. Агульнага рэцэпту, як працаваць з вучнямі, няма. Неабходна ставіцца да кожнага як да асобы, не глядзець пагардліва. Гэтаму вельмі добра дапамагае ўсведамленне таго, што мастацтва, якому тут вучаць, — гэта тое, што напрацавана чалавецтвам за тысячагоддзі. І выкладчыку, якога б узроўню ён ні быў, і студэнту трэба напрацоўваць майстэрства заўсёды. Андрэй Іванавіч прытрымліваецца гэтага прынцыпу, практыкуецца, большую частку часу праводзіць у сваёй майстэрні. І нават ловіць сябе на думцы, што выкладаць з кожным годам яму становіцца з аднаго боку цікавей, а з іншага — складаней, бо ўвесь час адкрываюцца новыя погляды і падыходы. У педагогіцы ён арыентуецца на мастака і выкладчыка Паўла Чысцякова, у якога вучыліся Рэпін, Сяроў і Урубель. А бліжэй за ўсё з майстроў пэндзля яму Рэмбрант, Мікеланджэла і Пікасо, у кожным з якіх Андрэй Карпенкаў адчувае творчую свабоду.

Вучаніца другога курса Паліна Шэмагонава пацвярджае, што вучыцца ў Глебаўцы нялёгка, але творчыя прадметы, атмасфера дапамагаюць рухацца наперад у абраным кірунку. Яе любімы прадмет — жывапіс. Паліне падабаецца працаваць з колерамі, любімая тэхніка — акварэль. А вось выпускніца Таццяна Уласавец заканчвае вучобу з чырвоным дыплом. Бяссонных начэй у яе выпадку не было: дзяўчына разумела, што адпачынак і сон неабходныя для дасягнення добрых вынікаў. Дзяўчына разумее, што каледж імя Глебава адкрыў ёй мноства гарызонтаў.

Упэўнены, што вучняў Глебаўкі чакае цікавая творчая будучыня, бо яны вучацца сапраўды ў лепшых. І моладзь, якая звязала жыццё з мастацтвам у гэтых сценах, набудзе ўнікальны досвед і багаты ўнутраны свет.

Фота аўтара.

Аўтар: Павел САЛАЎЁЎ

Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета “Культура” – Неабсяжныя гарызонты творчасці – № 15 (1558) 09.04.2022 - 15.04.2022 г