Інфармацыя пра каледж
Установа адукацыі «Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава» (МДМК імя Глебава)
Наша гісторыя
Мінскае мастацкае вучылішча было заснавана ў 1947 годзе.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі не засталося ніводнай мастацкай установы адукацыі. І ў 1947 годзе ўсё пачалося зноўку з адкрыцця Мінскага мастацкага вучылішча, якое стала цэнтрам мастацкага жыцця Беларусі.
Беларускія суайчыннікі, выпускнікі мастацкіх акадэмій Ленінграда (цяпер Санкт-Пецярбург) і Масквы заклалі аснову беларускай нацыянальнай мастацкай школы. Першыя выпускнікі Мінскага мастацкага вучылішча працягвалі вучыцца ў Ленінградзе і Маскве, а з 1953 года – і на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Многія з нашых выпускнікоў працягваюць вучобу ў замежных акадэміях.
Мінскае мастацкае вучылішча з 1969 года носіць імя вядомага беларускага мастака і педагога Аляксея Канстанцінавіча Глебава.
Сярод выпускнікоў каледжа – Народныя мастакі Беларусі: Міхаіл Андрэевіч Савіцкі, Май Вольфавіч Данцыг, Віктар Аляксандравіч Грамыка, Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч, Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў, Георгій Георгіевіч Паплаўскі, Іван Якімавіч Міско, Леў Мікалаевіч Гумілеўскі, Анатоль Васільевіч Бараноўскі, Васіль Пятровіч Шаранговіч і многія іншыя, якія атрымалі міжнароднае прызнанне.
Амаль пятнаццаць пакаленняў мастакоў сфарміравалі пэўны стыль і адметныя рысы беларускага жывапісу, графікі, скульптуры.
Галоўнымі перавагамі нашай установы адукацыі заўсёды былі захаванне класічных традыцый і спалучэнне прафесійных навыкаў з сучаснымі творчымі рашэннямі.
У 2011 годзе вучылішча было перайменавана ў каледж.
Сёння Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава – найстарэйшая ў краіне сярэдняя спецыяльная (прафесійная) мастацкая установа адукацыі, цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна ў галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну.
Каледж непасрэдна падпарадкаваны Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь.
Нашаму каледжу дадзены статус «Вядучая ўстанова адукацыі»
Згодна з Загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Аб прадастаўленні статусу вядучых устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі» № 367 ад 24.07.2023 установе адукацыі «Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава» прадастаўлены статус «Вядучая ўстанова адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі» на рэспубліканскім узроўні па спецыяльнасцях накірунку адукацыі «Мастацтва (дызайн, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва)».