Пресса о колледже

Нам ёсць чым ганарыцца

Нам ёсць чым ганарыцца

Выдатны падарунак атрымала сфера культуры да Дня ведаў.

Цырымонія адкрыцця новага комплексу Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава адбылася 2 верасня.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і міністр культуры Анатолій Маркевіч. Кіраўнік урада павіншаваў навучэнцаў установы з пачаткам новага навучальнага года.

— Выдатны падарунак атрымлівае сфера культуры — мы адчыняем цэлы комплекс будынкаў з інтэрнатам Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава. Узведзены ён на тым самым месцы, дзе знаходзіўся з 1947 года. Значыць, слаўная гісторыя каледжа будзе працягнутая, — адзначыў ён.

Па словах прэм’ера, гэта быў няпросты праект са складанай гісторыяй. Тым не менш былі адшуканыя магчымасці аператыўна завяршыць узвядзенне важнага для галіны культуры аб’екта.

На будаўніцтва комплексу дзяржавай выдаткавана звыш 37 млн рублёў бюджэтных сродкаў.

— Інвесціруючы сюды, інвесціруючы ў культуру, адукацыю, мы, вядома ж, інвесціруем і ў будучыню нашай краіны, — сказаў Раман Галоўчанка. — Спадзяюся, што гэта вас дадаткова прастымулюе да дасягнення выдатных вынікаў у вучобе. Ваш каледж — адна са знакавых для краіны навучальных устаноў. У яго сценах навучаліся многія з тых, хто сваёй творчасцю праславілі Беларусь. Спадзяюся, што вы працягнеце гэтыя слаўныя традыцыі. Не бойцеся ставіць амбіцыйныя мэты. Важна раскрыць свой патэнцыял. Жадаю, каб праз 10-15 гадоў вашы працы ўпрыгожвалі найлепшыя галерэі, а вашы імёны гучалі з вуснаў мастацтвазнаўцаў. Мы забяспечым вас усімі неабходнымі для гэтага рэсурсамі.

— У прамовах падчас мерапрыемства міністр культуры Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што адкрыццё новых будынкаў каледжа — яркі прыклад стаўлення дзяржавы да сферы культуры, і такіх прыкладаў вельмі шмат ва ўсёй краіне. Сёлета абноўлены школы мастацтваў, праведзены капітальныя рамонты сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Вышэйшыя навучальныя ўстановы таксама не застаюцца па-за ўвагай дзяржавы. Акадэмія музыкі — флагман адукацыі ў сферы культуры — сёлета пачала капітальны рамонт. Выдзяляецца больш як 4 млн рублёў, каб на працягу трох гадоў цалкам мадэрнізаваць гэты будынак. На капітальны рамонт пастаўлены таксама і сталічны Горкаўскі тэатр.

— У вельмі сціслыя тэрміны мы атрымалі новы комплекс мастацкага каледжа. Навучальны корпус і выдатны інтэрнат блокавага тыпу з трэнажорнымі заламі, кухнямі — усё зроблена для таго, каб было камфортна і ўтульна, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч. — Навучальны корпус зроблены па апошнім слове тэхнікі. Ён аснашчаны сучасным абсталяваннем, прасторнымі аўдыторыямі, навучальнымі лабараторыямі, вытворчымі майстэрнямі, каб наша маладое пакаленне магло сябе рэалізаваць у творчым плане, у будучай прафесіі.

Міністр адзначыў: выпускнікі мастацкага каледжа запатрабаваныя не толькі ўнутры краіны. На іх з прыцэлам глядзяць і замежныя партнёры. Кіраўнік ведамства сказаў, што гэта сведчыць аб высокай якасці сістэмы адукацыі ў культуры, бо чалавек творчы заўсёды нясе ў сабе пазітыў, добры настрой і робіць так, каб наша цудоўная краіна была яшчэ больш прыгожай.

Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што галіна атрымала найпрыгажэйшы і шматфункцыянальны будынак установы адукацыі ў сферы культуры, дзе створаны ўсе неабходньія ўмовы.

— У новым навучальным корпусе Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, я ўпэўнены, будзе панаваць дух творчасці і стварэння, які дазволіць вам дзёрзка ўвайсці ў будучыню, — сказаў міністр.

Кіраўнікі ўрада і галіны культуры азнаёміліся з інтэр’ерамі новых будынкаў і іх функцыяналам. У навучальным корпусе яны наведалі аўдыторыі і майстэрні, кабінеты для выкладчыкаў, харчаблок, спартыўную і актавую залы. У спартзале можна гуляць у валейбол, гандбол, баскетбол. Сярэдні кошт абеду з трох страў у сталоўцы — каля пяці рублёў. Актавая зала разлічана на 120-130 месцаў. Гасцей уразілі ўмовы ў інтэрнаце, дзе навучэнцы маюць не толькі агульныя кухні, але і пральні, трэнажорную залу.

Раман Галоўчаню і Анатолій Маркевіч азнаёміліся таксам з асаблівасцямі арганізацыі навучальнага працэсу па творчых спецыяльнасцях. Пагутарылі з выкладчыкамі пра ўмовы працы ў новых памяшканнях. Высветлілася, напрыклад, што падчас будаўніцтва выканальнікі работ улічвалі пажаданні педагогаў. Так, у класах жывапісу ўзгадняўся аптымальны для арганізацыі заняткаў колер сцен.

Змястоўную экскурсію для высокіх гасцей правёў дырэктар установы Аляксандр Шантаровіч. Падсумоўваючы ўражанні ад падзеі, ён згадаў сёлетнюю тэму першага ўрока — “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы!”. Адкрыццё новых будынкаў каледжа стала яскравым пацвярджэннем гэтых слоў.

Фінальным акордам урачыстасцей стала прэм’ера музычнай оды “Табе, мастацтва” ў выкананні народных артыстаў Беларусі Уладзіміра Громава і Настассі Масквіной у суправаджэнні Зводнага хору і аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (дырыжор Яўген Паддубіцкі).

Віктар ГАЎРЫШ

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА