Пресса о колледже

Імправізацыі на зададзеную тэму

Газета «Культура»

У слове “пленэр” ёсць адчуванне разняволенасці, нязмушанасці. Для чалавека, больш-менш дасведчанага ў гісторыі выяўленчага мастацтва, з гэтай з’явай звязаны імёны Міле, Каро, Курбэ, Манэ. Менавіта французскія мастакі так званай барбізонскай школы ды іхнія спадкаемцы імпрэсіяністы ўзялі моду натхняцца рэальным жыццём і жывой прыродай.

Імправізацыі на зададзеную тэму

Пленэр — праца, не абмежаваная прасторай майстэрні; імправізацыя, хоць, звычайна, і на зададзеную тэму. Пленэрная (або эцюдная) практыка — важны чыннік мастацкага навучання.

Сёння нярэдка асновай для карціны, што пішацца ў майстэрні, служыць не жывапісны эцюд ці замалёўка, зробленыя на прыродзе, але фотаздымак. Але ж па-ранейшаму сярод аматараў мастацтва шмат прыхільнікаў “кансерватыўнага” інструментарыя, які складаецца з эцюдніка, фарбаў і пэндзля. Менавіта такім людзям было цікава на выстаўцы “Пленэр 2013 – 2014”, што ладзілася ў экспазіцыйнай прасторы Нацыянальнай бібліятэкі. Яна складалася з пленэрных работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава.

Штогод каледж ладзіць пленэры ў мясцінах, адметных сваёй гісторыяй і прывабных прыгажосцю. Гэта Полацк, Ружаны, Гродна, Нясвіж, Навагрудак… Такім чынам выезд на натуру становіцца не толькі прафесійным практыкаваннем, а і ўрокам патрыятызму. Эцюдны матэрыял з часам набывае каштоўнасць гістарычнага дакумента, бо фіксуе стан помнікаў дойлідства ў канкрэтным часе.

Гаворка пра работы пачаткоўца, зразумела, патрабуе іншай танальнасці, чым аналіз творчасці сталага майстра. Наяўнасць таленту, здольнасці да мастакоўскай працы яшчэ не ёсць гарант паспяховай творчай кар’еры. І ўсё ж з задавальненнем мушу адзначыць, што выхаванцы “Глебаўкі” (а гэта кадравы рэзерв беларускага выяўленчага мастацтва) здольныя спалучаць засваенне навучальнай праграмы з самавыяўленнем.

Сказаць новае слова заўжды складана. І не дзіва, што практыкаванні тых, хто робіць першыя крокі ў жывапісе, выдаюць усю гаму ўражанняў неафіта ад знаёмства з гісторыяй выяўленчага мастацтва. Вось і на гэтай выстаўцы было нямала ўзораў выкарыстання эстэтычных здабыткаў памежжа ХІХ і ХХ стагоддзяў і, найперш, — імпрэсіянізму. Але хто казаў, што гэтая плынь пасуе толькі Францыі, дзе яна і нарадзілася? Нават па вучнёўскіх работах відаць, што мастацкая мова — універсальная і ў спалучэнні з мясцовымі рэаліямі спрыяе стварэнню запамінальных вобразаў.

У работах Алены Кулеш, Уладзіслава Баранава, Яны Чарновай, Кацярыны Васілеўскай, Юліі Перагуд ды іншых удзельнікаў выстаўкі прысутнічаюць элементы ўласнага почырку, які можа развіцца ва ўласны стыль. Яшчэ дадам, што многія з пабачаных на выстаўцы работ мне было б прыемна бачыць на сценах свайго жытла — як узор непадробленай шчырасці ды праяву захаплення прыгажосцю роднай зямлі.

Жыццёвыя варункі — рэч непрадказальная, і не кожны, хто мае мае дыплом мастака, робіць мастацтва сваёй прафесіяй. Аднак само далучэнне да выяўленчай культуры плённа ўплывае на фарміраванне асобы. Што ж да ўдзельнікаў выстаўкі, дык хочацца пажадаць ім, каб не сыходзілі з дыстанцыі, каб задуманае — здзейснілі, распачатае — давялі да ладу.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Газета «Культура» – № 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г. – Імправізацыі на зададзеную тэму