Што ж цікавае?
Газета «Культура»
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (галерэя “Панарама”) працуе выстаўка работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава “Пленэр–2015”.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 пленэрных работ, выкананых навучэнцамі сёлета ў Беларусі (Гродна, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны), Балгарыі (Варна), Польшчы (Лодзь), Славакіі (Сміжаны, Татры). Падобная практыка існуе ва ўстанове шмат дзесяцігоддзяў.
Творы юных мастакоў выкананыя ў розных тэхніках і стылях. Навучэнцы пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў імкнуліся перадаць сродкамі жывапісу станы прыроды, умовы асвятлення, характар формы і будовы прыродных і архітэктурных аб’ектаў. Пры гэтым вырашаліся задачы пошуку найбольш выразнай кампазіцыі і каларыстычнай арганізацыі, якія адпавядалі б раскрыццю аўтарскай ідэі.
Нягледзячы на тое, што творы належаць юным мастакам, якія яшчэ знаходзяцца ў працэсе прафесійнага станаўлення, можна вылучыць шэраг работ, узровень якіх дае падставу меркаваць аб перспектывах з’яўлення ў будучыні ў беларускім мастацтве новых таленавітых творцаў. Звяртае на сябе ўвагу жывапісны эцюд Алены Кулеш “Пейзаж” (кіраўнік Марына Гарахавік-Лабуда), у якім аўтар раскрыла хараство сціплага вясковага краявіду. Вобразная абагульненасць, адсутнасць шматлікіх дэталяў, рытмічнае чаргаванне цёплых і празрыста-халодных тонаў ствараюць своеасаблівы эфект адасобленасці, замкнёнасці, дзе толькі адчыненая фортка і працягнутая вяроўка для бялізны выступаюць прыкметамі жыцця.
Сакавітасцю імпрэсіяністычнага мазка вылучаецца эцюд Кацярыны Круглік “Кветкі” (кіраўнік Алена Аракчэева). У сваёй рабоце аўтар праз вобраз чырвоных кветак, якія імкліва цягнуцца да сонечнага святла, адлюстроўвае паўнату і маляўнічасць жыцця. Арыгінальнасцю творчай ідэі прасякнуты эцюд “Пейзаж” Алены Шмідавай (кіраўнік Андрэй Карпянкоў). Адштурхоўваючыся ад прынцыпаў пуантылізму і творчасці Жоржа Сёра, маладая мастачка стварыла палатно, якое ўдала перадае звонкасць і празрыстасць паветра.
Жыццесцвярджальным настроем адметны “Пейзаж” Наталлі Ганчаровай (кіраўнік Марына Гарахавік-Лабуда). Выкарыстоўваючы здабыткі гагенаўскай стылістыкі ў арганічным спалучэнні з уласным светабачаннем, аўтар дасягае пераканаўчага кампазіцыйнага і каларыстычнага адзінства.
Выклікае цікавасць пластычнасцю ліній і ўнутраным дынамізмам формаў работа Карыны Гарох “Пейзаж” (кіраўнік Марына Гарахавік-Лабуда). Ужыванне лакальных колеравых плямаў і рухомага мазка дазваляюць казаць пра экспрэсіўны настрой твора.
“Пленэр–2015” уяўляе з сябе адкрыты творчы эксперымент, у якім маладыя аўтары, з аднаго боку, вырашалі шматлікія тэхнічныя задачы, а з іншага — фарміравалі ўласнае бачанне навакольнай рэчаіснасці. Дасягнутыя вынікі мастацкай дзейнасці даюць падставу спадзявацца, што будучая восень стане адметнай новым пленэрным праектам, у якім навучэнцы Каледжа імя Глебава з яшчэ большай сілай і натхненнем раскрыюць свой творчы патэнцыял.
Ксенія СЯЛІЦКАЯ-ТКАЧОВА, мастацтвазнаўца, магістр культуралогіі, культарганізатар каледжа
Газета «Культура» – № 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г. – Што ж цікавае?